Майстры сваёй справыУнiкальная прадукцыя, якая выпускаецца акцыянерным таварыствам «Полацк-Шкловалакно», запатрабавана ў 200 галiнах Наш час непарыўна звязаны з высокiмi тэхналогiямi. Менавiта яны сталi вызначальнымi ў развiццi ўсiх галiн вытворчасцi, сапраўдным «рухавiком прагрэсу». Напэўна ж, усё гэта нездарма. Без высокiх тэхналогiй проста няма руху наперад. Вядома, такое сцвярджэнне нiхто не будзе аспрэчваць, паколькi яго справядлiвасць пацвярджае само жыццё. Высокiя тэхналогii трывала ўвайшлi ў паўсядзённасць кожнага з нас — любая гаспадыня ўпэўнена ўпраўляецца са складанай тэхнiкай, якая вельмi дапамагае ў хатнiх справах. Цiкавая гiсторыя стварэння асобных з iх. Напрыклад, полацкага завода шкловалакна. Справа ў тым, што спачатку тут планавалi ўзвесцi... швейную фабрыку. Аднак падчас яе будаўнiцтва рашэнне перамянiлi. Як кажуць, прапановы кiраўнiцтва горада аб перспектыўнай вытворчасцi знайшлi падтрымку ў саюзнага начальства. Таму 27 лiстапада 1958 года ў эксплуатацыю быў уведзены менавiта завод шкловалакна. ДРУГОЕ НАРАДЖЭННЕ Крок за крокам развiвалася вытворчасць. Менш чым праз сем гадоў пасля афiцыйнага адкрыцця прадпрыемства (у пачатку 1965 г.) была запушчана другая чарга завода, а ў чэрвенi 1973-га — трэцяя. Напрыканцы 1977 г. уведзены ў эксплуатацыю пяты цэх. У студзенi 1979 года быў заключаны кантракт з англiйскай iнжынернай фiрмай «Вудл Дакхам» на закупку комплекснага абсталявання для завода тэкстыльнага шкловалакна ў прамвузле Ксты. Першы яго комплекс быў прыняты ў эксплуатацыю 30 снежня 1982 г., а другi — 15 мая 1984-га. У лютым 1989 г. здадзена ў эксплуатацыю ўласная вытворчасць шклошарыкаў, а таксама ўведзены трэцi комплекс. Усе гэтыя памятныя даты заўсёды з гонарам узгадваюцца на прадпрыемстве. Мiж тым, насталi постсавецкiя часы, яны аказалiся надзвычай складанымi для высокатэхналагiчных прадпрыемстваў. «Згубiлiся» былыя сувязi, «адкрыўся» рынак — прычын можна назваць шмат. Аднак, бадай, галоўнай сярод iх з’яўляецца тое, што было патрэбна правесцi пэўную пераарыентацыю вытворчасцi. За савецкiм часам асноўным заказчыкам у адпаведных прадпрыемстваў выступала «абаронка». Тады з заказамi i, адпаведна, з рэалiзацыяй прадукцыi праблем не ўзнiкала. Можна было ўпэўнена працаваць, укараняць патрэбныя напрацоўкi, праводзiць мадэрнiзацыю вытворчых магутнасцяў. Цяжкасцяў на гэты конт не iснавала, яны з’явiлiся ў пачатку 1990-х гадоў. Прычым узнiк цэлы тузiн праблем, якiя неабходна было вырашаць неадкладна, iнакш паўставала пагроза спынення ўнiкальнай вытворчасцi. Такая перспектыва тады ўяўлялася цалкам рэальнай, паколькi, напрыклад, у 1993-м на складах Полацкага вытворчага аб’яднання «Шкловалакно» (так з 20 верасня 1981 года называлася прадпрыемства) ляжаў паўгадавы (!) запас прадукцыi коштам 14 мiльярдаў рублёў. У такiм разе даводзiлася весцi гаворку лiтаральна аб выжываннi, прычым у самых жорсткiх умовах, з чым калектыў да яго гонару справiўся на «выдатна». Экстрэмальны вопыт тэрмiновай пераарыентацыi вытворчасцi, на шчасце, аказаўся ўдалым. 14 студзеня 1994 года на прадпрыемстве быў створаны аддзел маркетынгу i знешнеэканамiчнай дзейнасцi, якому поўнасцю падпарадкоўваўся збыт. Такое рашэнне на той час было няпростым, але, як пасля аказалася, адзiна правiльным. Укараненне сучасных метадаў кiравання вытворчасцю — па-сапраўднаму шлях да поспеху. Аб гэтым, дарэчы, сведчыць увесь замежны вопыт перадавых прадпрыемстваў. У той сiтуацыi, у якой апынулася полацкае «Шкловалакно», неабходна было не столькi ўкаранiцца ў рынак, колькi распрацаваць новы асартымент, якi б быў запатрабаваны ў спажыўцоў. Гэта той самы пераход ад забеспячэння патрэб «абаронкi» (пра якi мы гаварылi вышэй) да выпуску асартыменту прадукцыi для будаўнiчай, машынабудаўнiчай галiн i г.д. Адпаведна, узнiкла неабходнасць у пераналаджваннi, адаптаваннi асноўнага абсталявання. Як вы самi разумееце, працэс вельмi i вельмi няпросты. Пры гэтым надзвычай важна выбраць той накiрунак дзейнасцi, якi здольны выцягнуць з крызiсу прадпрыемства i ў далейшым мець перпектыву. Час паказаў, што полацкае «Шкловалакно» ў той пераломны для сябе час стала на правiльны шлях. У пачатку 1990-х былi сфармiраваны асноўныя прынцыпы маркетынгу прадпрыемства, якiя паказалi сваю эфектыўнасць i захавалiся дагэтуль. Галоўны з iх — знайсцi ў пакупнiка праблему i паспрабаваць вырашыць яе. Пытаннi могуць быць самага рознага кшталту — якасцi, кошту, лагiстыкi. Галоўнае, каб твая прапанова аказалася найбольш прывабнай, каб менавiта на карысць яе зрабiў свой выбар спажывец. Менавiта такi накiрунак маркетынгу, прадаж стаў кропкай адлiку ў другiм нараджэннi ўнiкальнага для Беларусi (i, дарэчы, не толькi для нашай краiны) прадпрыемства. Згубiць такую вытворчасць можна б было вельмi лёгка. А вось як пасля аднавiць? САКРЭТЫ ПОСПЕХУ Шкло — надзвычай рамантычны матэрыял. Ён прымяняецца чалавекам больш за шэсць тысячагоддзяў. Спачатку як упрыгажэннi, а пасля сфера выкарыстання значна пашырылася — гэта i вокны, i посуд, а пасля нават розныя аптычныя прыборы, якiя дазвалялi вывучаць навакольны свет. Аднак з-за сваiх уласцівасцяў (перш за ўсё крохкасцi) прымяненне шкла было абмежавана. Праўда, так адбывалася толькi да пэўнага часу — ужо ў сярэдзiне ХVII стагоддзя вядомы французскi навуковец Рэнэ Рэамюр падчас дакладу ў Парыжскай акадэмii навук прадэманстраваў шкляную тканiну, якая была выраблена венецыянскiм майстрам Карлам Рыва. Спробы атрымаць шкловалакно ў прамысловых маштабах прадпрымалiся ў шэрагу краiн — у Францыi, Германii, ЗША. Праз сто гадоў пасля дакладу Рэамюра ў Расii быў нават выдадзены адпаведны патэнт на спецыяльны апарат для выпрацоўкi перспектыўнага матэрыялу. Аднак гэты вопыт не знайшоў шырокага прымянення. Работы працягвалiся ўжо ў 1930-х гадах — у СССР тэхналогiя вытворчасцi шкловалакнiстых матэрыялаў (валакна, нiткi, тканiн) была распрацавана ў 1937—1940 гг. у Дзяржаўным навукова-даследчым iнстытуце шкла. Першы завод шкловалакна быў пабудаваны ў Гусь-Хрустальным, прамысловая электрапеч для апрацоўкi перспектыўнага матэрыялу пачала працаваць падчас Вялiкай Айчыннай. Гэты факт па-свойму паказальны, ён — сведчанне той увагi, якая надавалася адпаведнай вытворчасцi. Зразумела, што такое стаўленне мела сур’ёзную аснову. Справа ў тым, што атрыманае адпаведным спосабам шкловалакно (дыяметрам усяго толькi ў некалькi тысячных доляў мiлiметра!) валодае ўнiкальнымi якасцямi, якiх няма ў шкляных вырабаў з большым дыяметрам. Такое валакно гнуткае, моцнае, цепла- i электраiзаляцыйнае, можа прымяняцца ў сапраўды экстрэмальных умовах. Асноўная сыравiна — кварцавы пясок, даламiт, вапняк. Гэтыя кампа-ненты здабываюцца ў Беларусi. Як бачым, аргументаў на карысць з’яўлення перспектыўнай, высокатэхналагiчнай вытворчасцi ў нашай краiне на самай справе шмат. Вельмi важна, што ў складаных умовах постсавецкiх часоў удалося захаваць такое ўнiкальнае прадпрыемства. Дарэчы, не толькi захаваць, але i пастаянна развiваць. Прыпыняцца на дасягнутым нельга — так лiчыць генеральны дырэктар ААТ «Полацк-Шкловалакно» Мiкалай Качаноўскi. Трэба заўважыць, што калектыў свайго кiраўнiка ў гэтым цалкам падтрымлiвае. Мiкалай Аляксандравiч працуе на прадпрыемстве ўжо больш чым чвэрць стагоддзя — прыйшоў сюды ў 1981 годзе пасля заканчэння Наваполацкага полiтэхнiчнага iнстытута. Так што ў працоўнай кнiжцы Качаноўскага пазначана толькi адно прадпрыемства (цiкава, што генеральны дырэктар, таксама як i яго родны завод, нарадзiлiся ў адзiн год — 1958-ы). Мiкалай Аляксандравiч прайшоў сапраўдную вытворчую школу, прыступка за прыступкай: пачынаў як iнжынер-канструктар, пасля працаваў майстрам, начальнiкам участка, намеснiкам начальнiка цэха, начальнiкам цэха, намеснiкам генеральнага дырэктара па вытворчасцi, тэхнiчным дырэктарам. З мая 2004 года ён узначальвае адкрытае акцыянернае таварыства «Полацк-Шкловалакно». — Жыццё не стаiць на месцы — адбываецца пастаяннае актыўнае развiццё самых розных сфер дзейнасцi, — заўважае Мiкалай Качаноўскi. — Тэхналогii зараз iмклiва рухаюцца наперад, таму нельга ў нечым адставаць. Для таго, каб на роўных канкурыраваць з сусветнымi вытворцамi, трэба пастаянна трымаць руку «на пульсе часу», увасабляць найноўшыя распрацоўкi, не толькi дакладна ведаць рынак, але i прагназаваць магчымыя тэндэнцыi яго развiцця. Толькi ўлiчваючы ўсе такiя ключавыя моманты можна разлiчваць на поспех. Мы дакладна адсочваем усе сучасныя распрацоўкi, якiя датычацца нашай вытворчасцi i iмкнёмся ўкараняць тэхналагiчныя навiнкi. Канешне, усё, у рэшце рэшт, залежыць ад сродкаў, аднак тут важна вызначыць прыярытэты. Мадэрнiзацыя вытворчасцi — адна з галоўных задач. У адпаведнасцi з гэтым i дзейнiчаем — за апошнiя два гады на кожным тэхналагiчным участку ўдалося ўкаранiць тыя цi iншыя сучасныя напрацоўкi. Па ўсiх накiрунках вядзецца сур’ёзная работа дзеля таго, каб наша прадукцыя заўсёды была самай высокай якасцi, каб была запатрабавана на сусветным рынку. Пэўных поспехаў на гэтым шляху нам ужо ўдалося дасягнуць, аднак вынiкi могуць быць яшчэ лепшымi, паколькi магчыма задзейнiчаць шматлiкiя рэзервы для росту. «ЗА ЯКАСЦЬ АДКАЗВАЮ» Дырэктар нездарма падкрэслiвае важнасць пытанняў якасцi. Яны на прадпрыемстве адносяцца да разраду стратэгiчных, тых, што вызначаюць перспектыву, рух наперад. Гэта сучасная вытворчасць, якая зарыентавана на спажыўца, на забеспячэнне тых патрабаванняў, якiя вызначае рынак. — Неабходна заўсёды мець на ўвазе тыя ўмовы, якiя вылучае спажывец, — упэўнены Мiкалай Качаноўскi, — iншага проста не дадзена. Сучасная прастора пабудавана на жорсткiм патрабаваннi якасцi, паколькi забеспячэнне неабходных параметраў — своеасаблiвы «пропуск» на рынак. Адсюль тая ўвага, якая ў нас надаецца якасцi. Неабходна адсочваць патрэбныя параметры на ўсiх стадыях вытворчасцi, толькi ў такiм выпадку можна пазбегнуць памылак. Толькi тады кiраўнiк можа з упэўненасцю сказаць сваiм дзелавым партнёрам: «За якасць адказваю!» Пытанне стратэгiчнае — таму i падыходы падчас яго ўвасаблення ў жыццё вельмi грунтоўныя. Месяц таму генеральным дырэктарам быў зацверджаны надзвычай важны дакумент — прынята новая рэдакцыя Палiтыкi ў галiне якасцi кiраўнiцтва ААТ «Полацк-Шкловалакно». Дзе, у прыватнасцi, запiсана, што прадпрыемства пастаянна ўдасканальваецца ў гэтым накiрунку, адбываецца пастаяннае развiццё. Яскравым сведчаннем таму з’яўляецца тое, што напрыканцы мiнулага года ААТ «Полацк-Шкловалакно» ў трэцi раз стала лаўрэатам Прэмii ўрада Рэспублiкi Беларусь у галiне якасцi. Таксама прадпрыемства пацвердзiла сертыфiкат адпаведнасцi сiстэмы менеджменту якасцi патрабаванням Нацыянальнай сiстэмы пацвярджэння адпаведнасцi i нямецкай сiстэмы акрэдытацыi. Ва ўрачыстай абстаноўцы ў канферэнц-зале Нацыянальнай бiблiятэкi прэм’ер-мiнiстр Беларусi Сяргей Сiдорскi ўручыў Дыплом i хрустальны сiмвал Прэмii ўрада Рэспублiкi Беларусь генеральнаму дырэктару ААТ «Полацк-Шкловалакно» Мiкалаю Качаноўскаму i яго намеснiку па якасцi Веры Дзмiтрыевай. Таксама прадпрыемства пацвердзiла i званне лаўрэата прэмii Вiцебскага аблвыканкама ў галiне якасцi. — Усiм нам трэба разумець, што прэмiя ў галiне якасцi — гэта высокая адзнака работы ўсяго прадпрыемства, — кажа Вера Дзмiтрыева. — Яна да многага абавязвае. Тут магчыма прымянiць тэрмiн «якасць жыцця», якi ўключае i культуру вытворчасцi, i тэхналогiю, i пастаяннае iмкненне да паляпшэння якасцi прадукцыi, належнае забеспячэнне патрабаванняў па экалагiчнай бяспецы i аператыўны, якасны разгляд праблем, i своечасовае прыняцце рашэнняў. Толькi такi комплексны падыход i неабходна ўвасабляць. Трэба заўважыць, што ўзнагароджанню папярэднiчала вельмi сур’ёзная работа — камiсiя па ўручэнню прэмiй скурпулёзна вывучала дзейнасць прадпрыемства пачынаючы з 2002 года (калi ААТ «Полацк-Шкловалакно» пацвердзiла статус лаўрэата 1999 г.). Вердыкт, якi вынесла ў вынiку камiсiя, сведчыць аб многiм. Гэта перш за ўсё прызнанне ўзроўню работы ў адпаведнай галiне. Сiстэма якасцi ААТ «Полацк-Шкловалакно» ў 1998 годзе была сертыфiкавана на адпаведнасць патрабаванням стандартаў ISО серыi 9000. Прадпрыемства мае i экалагiчны сертыфiкат на адпаведнасць патрабаванням СТБ ISО 14001. Зараз вядзецца падрыхтоўчая работа па распрацоўцы сертыфiкацыi сiстэмы кiравання аховай працы на базе стандартаў ОHSАS серыi 18000. Завяршыць яе плануецца на працягу гэтага года. Як лiчыць Вера Дзмiтрыева, ва ўмовах узмацнення ўпартай барацьбы за рынкi збыту ўсё больш важнае значэнне набываюць пытаннi канкурэнтаздольнасцi прадукцыi прадпрыемства. Пастаянна асвойваюцца новыя прагрэсiўныя метады кiравання вытворчасцю. Адпаведна, узнiкае патрэба своечасова пераглядаць тую дакументацыю, якая дзейнiчае. Такiм чынам была ўдасканалена i палiтыка ў галiне якасцi, што была распрацавана ў 2004 годзе. Новая рэдакцыя палiтыкi дазволiць узмацнiць давер зацiкаўленых бакоў (кiраўнiцтва i работнiкаў прадпрыемства, спажыўцоў, а таксама пастаўшчыкоў сыравiны i матэрыялаў) праз дэманстрацыю поглядаў на адпаведныя пытаннi. Як вынiкае з новай рэдакцыi палiтыкi ў галiне якасцi, ААТ «Полацк-Шкловалакно» распрацоўвае пэўную прадукцыю (шкловалакно, шклотканiны, шклонiткi, шклосеткi, шклоровiнг, рулонны шклопластык i нятканыя матэрыялы), выконвае абавязковыя i заканадаўчыя патрабаваннi на прадукцыю, а таксама чаканнi ўсiх зацiкаўленых бакоў. Стратэгiчнай мэтай прадпрыемства лiчыць пастаяннае павышэнне задавальнення патрабаванняў i чаканняў спажыўцоў, як адзiн са шляхоў забеспячэння поспеху ў бiзнэсе. «Наша якасць пераходзiць ад пастаўшчыка да спажыўца», — адзначаюць на ААТ «Полацк-Шкловалакно». У дакуменце вызначаны асноўныя шляхi дзейнасцi ў адпаведным накiрунку. Перш за ўсё гэта павышэнне ступенi задаволенасцi спажыўцоў i пастаяннае павышэнне вынiковасцi сiстэмы менеджменту якасцi. Таксама важны момант — стварэнне сiстэмы манiторынгу рынку. Неабходна прыцягваць персанал да ўдасканальвання працэсаў менеджменту якасцi, пастаянна павышаць прафесiйнае майстэрства работнiкаў. Дарэчы, важнасць адпаведных пытанняў на прадпрыемстве цудоўна разумеюць — як лiчыць, напрыклад, начальнiк ткацкага цэха ААТ «Полацк-Шкловалакно» (дарэчы, самага вялiкага — тут працуюць 960 чалавек, амаль чацвёртая частка ўсiх работнiкаў) Людмiла Грыдзюшка, «да якасцi ў нас самыя жорсткiя патрабаваннi, паколькi гэта адзiн з асноўных накiрункаў, якiя вызначаюць iмiдж прадпрыемства». Да асноўных шляхоў дзейнасцi ў галiне якасцi аднесены таксама рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў, распрацоўка i ўкараненне прагрэсiўнай тэхналогii i новай прадукцыi, а таксама ўдасканаленне метадаў планавання i арганiзацыi вытворчасцi. Гэтыя накiрункi — аснова для пастаноўкi мэтаў, якiя падлягаюць перыядычнаму аналiзу. Такiм чынам, палiтыка ў галiне якасцi — вельмi арганiчны iнструмент, якi ўлiчвае ўсе змяненнi, што з цягам часу адбываюцца ў той цi iншай галiне. Сур’ёзнасць i маштабнасць праблемы, на нашу думку, падкрэслiвае яшчэ адзiн паказальны факт: абавязкi прадастаўляць рэсурсы для рэалiзацыi палiтыкi бярэ на сябе генеральны дырэктар, а таксама кiраўнiк нясе поўную адказнасць за яе рэалiзацыю. НА ВАГАХ КАНКУРЭНЦЫI ААТ «Полацк-Шкловалакно» — адзiнае ў Беларусi прадпрыемства, якое аб’ядноўвае тэхналагiчныя працэсы апрацоўкi сыравiнных матэрыялаў, шкловарэння, вырабу шкловалакна, яго тэкстыльнай перапрацоўкi i фiнiшнай апрацоўкi шклотканiн. Прадукцыя, якая тут выпускаецца, мае самае шырокае распаўсюджванне — яна запатрабавана ў 200 галiнах эканомiкi! Дыяпазон прымянення проста фантастычны — ад прасцейшых мяцёлак да касмiчных апаратаў. У асноўным, канешне, прадукцыя, якую выпускае ААТ «Полацк-Шкловалакно», не мае бытавога прызначэння. Гэта, так бы мовiць, адпраўная кропка, з якой пачынаецца тэхналагiчны працэс выпуску, напрыклад, складанай тэхнiкi. Яе шлях да спажыўца складаецца з шэрагу важных стадый. Да прыкладу, для таго, каб выпусцiць камп’ютар, неабходна прайсцi не менш, чым шэсць этапаў. Адсюль выцякаюць тыя складанасцi, якiя прадпрыемству трэба пераадольваць. Прагназаваць магчымыя тэндэнцыi i планаваць адпаведную прапанову — аналiтыка iдзе поруч з практыкай. Маркетынгавая служба заўсёды павiнна быць на ўзроўнi i адсочваць сiтуацыю, што называецца, у рэжыме «рэальнага часу». Што i робiцца. Адзiн з прыкладаў — з’яўленне новай аперацыйнай камп’ютарнай сiстэмы Windоws Vistа, якую нядаўна ўрачыста прадставiў Бiл Гейтс. Да гэтай падзеi загадзя рыхтаваўся ўвесь сусветны рынак — новая сiстэма патрабуе больш удасканаленых працэсараў, з большым аб’ёмам памяцi, значыць неабходна ўдасканальваць камп’ютарную тэхнiку. У чым свой удзел возьме i ААТ «Полацк-Шкловалакно». Пра «Вiсту» тут ведалi яшчэ ў 2005-м годзе i таксама адпаведным чынам рыхтавалiся. На пачатку 1990-х, калi прадпрыемства толькi ўступала ў рынак, замежныя сувязi амаль адсутнiчалi. Усю тую геаграфiю паставак, якая маецца цяпер (а гэта 44 краiны на ўсiх кантынентах), напрацавалi за дванаццаць гадоў. Сёння ў прадукцыi ААТ «Полацк-Шкловалакно» 1275 спажыўцоў. Сувязi заўсёды наладжваюцца надзейныя. — Падчас рэалiзацыi прадукцыi мы практычна не мелi пасрэднiкаў, заўсёды iшлi на прамыя пастаўкi, — кажа намеснiк генеральнага дырэктара па рэалiзацыi прадукцыi, начальнiк упраў-лення маркетынгу ААТ «Полацк-Шкловалакно» Сяргей Свiршчоў. — Усе нашы кантакты, як правiла, завязваюцца на трывалай аснове двухбаковай зацiкаўленасцi. Гэта доўгачасовае супрацоўнiцтва. Мы прапаноўваем прадукт i яго суправаджэнне. У першую чаргу «Полацк-Шкловалакно» пазiцыянiруецца як шклоткацкае прадпрыемства, мы, дарэчы, адзiныя ў Еўропе ў такiм аб’ёме вытрымалi канкурэнцыю. Напэўна, так адбылося ў тым лiку i з-за таго, што заўсёды своечасова адаптуемся да ўсiх апошнiх змяненняў. Каля 90 працэнтаў прадукцыi ААТ «Полацк-Шкловалакно» рэалiзуецца на экспарт. Па аб’ёмах продажу лiдзiруюць Расiя, Германiя, Кiтай, ЗША, Польшча, Галандыя, Румынiя. Як заўважыў Сяргей Свiршчоў, геаграфiя распаўсюджвання перш за ўсё «прывязана» да краiн, якiя актыўна развiваюць высокiя тэхналогii. Шэсць гадоў таму прадпрыемства пачало адкрываць за мяжой уласныя склады прадукцыi. Яны ўжо ёсць у шэрагу краiн (Польшчы, Германii, ЗША), хутка такi аб’ект будзе ўведзены ў Паўднёвай Карэi. Так што прапанова ад ААТ «Полацк-Шкловалакно» для шматлiкiх партнёраў ва ўсiм свеце выглядае сур’ёзна i пераканаўча. Усе ведаюць: гэтаму вытворцу можна давяраць. Важная задача — увядзенне новых вытворчых магутнасцяў. Гэта патрэба часу, паколькi прадпрыемства практычна «пад завязку» выкарыстоўвае свае магчымасцi ў гэтым плане. — Летась былi даволi напружаныя планы, яны былi поўнасцю выкананы, — адзначае Мiкалай Качаноўскi. — Мы знайшлi рэзервы для росту, перш за ўсё за кошт павышэння прадукцыйнасцi працы, змяншэння адходаў вытворчасцi, а таксама згуртаванасцi калектыву над вырашэннем пастаўленых задач. Сёлета мяркуем пабудаваць новую шкловарную печ. Гэта на 50 працэнтаў павялiчыць нашы вытворчыя магутнасцi. Работа над выпускам новых вiдаў прадукцыi на прадпрыемстве вядзецца пастаянна — iнакш ва ўмовах жорсткай канкурэнцыi i не выжывеш. А барацьба на рынку пастаянна ўзмацняецца. — Трэба ўвесь час змяншаць затраты, — лiчыць намеснiк генеральнага дырэктара па эканомiцы ААТ «Полацк-Шкловалакно» Алена Савiцкая. — Што i робiцца: штогод распрацоўваюцца i паспяхова ўвасабляюцца ў жыццё адпаведныя мерапрыемствы. Фiзiчны расход энергарэсурсаў пастаянна змяншаецца. Тым не менш, трэба яшчэ больш узмацнiць рэжым эканомii. Паводле слоў Мiкалая Качаноўскага, эканомiць неабходна па ўсiх накiрунках. Эфект ад укаранення такiх мерапрыемстваў вiдавочны. Расход энергарэсурсаў рэальна зменшыць на 20 працэнтаў, выгада ад гэтага вiдавочная. Шляхi можна знайсцi простыя i эфектыўныя. Напрыклад, як заўважыў Мiкалай Аляксандравiч, на ўсе электрапрыёмнiкi ўстанаўлiваюцца кампенсатары рэактыўнай магутнасцi. Паводле разлiкаў спецыялiстаў, гэта дазволiць на 10—15 працэнтаў зменшыць спажыванне электраэнергii. Цi яшчэ — закуплена ўстаноўка, якая будзе выпрацоўваць электра- i цеплаэнергiю. Такiм чынам удасца забяспечыць каля 18 працэнтаў уласнай патрэбы. Пры гэтым энергарэсурс атрымаецца больш танным. ЧАЛАВЕК ПЕРШ ЗА ЎСЁ Поспех кожнай справы — гэта вынiк напружанай працы цэлага калектыву. Вельмi важна пры гэтым стварыць сапраўдную каманду, якая б здолела паспяхова справiцца з вырашэннем самых адказных задач. Калi спыталiся ў Мiкалая Качаноўскага, цi ўдалося гэтага дасягнуць на прадпрыемстве, то ён адразу адказаў, што аснова ўсiх дасягненняў — моцны калектыў. Як вядома, кадры вырашаюць усё. На «Полацк-Шкловалакне» гэты пастулат набывае рэальнае ўвасабленне. — Зараз на прадпрыемстве працуюць амаль 4,5 тысячы чалавек, — адзначае намеснiк генеральнага дырэктара па кадрах i iдэалагiчнай рабоце ААТ «Полацк-Шкловалакно» Людмiла Проп. — Калектыў даволi малады — сярэднi ўзрост складае 38,6 года. Актыўна працуем з базавым лiцэем хiмiкаў. Летась прынялi на работу 58 выпускнiкоў гэтай навучальнай установы, таксама да нас прыйшлi 7 маладых спецыялiстаў пасля заканчэння ВНУ. Бяруць зразумела, не ўсiх, а толькi самых лепшых, так што ў тым выпадку, калi ты добра займаешся, то заўсёды ёсць шанц знайсцi прэстыжнае месца працы. Як заў-важыла начальнiк размотачна-круцiльнага цэха Валянцiна Хомiч, у iх амаль 40 працэнтаў работнiкаў — гэта моладзь. Спачатку маладыя спецыялiсты працуюць пад наглядам вопытных работнiкаў — вопыту набiраюцца. Паводле слоў начальнiка цэха бесперапыннага атрымання шкловалакна Васiля Барэйкi, большасць з навiчкоў iмкнуцца добра працаваць. Спаборнiчаюць памiж сабой. Вiталь Самойленкаў пасля заканчэння лiцэя хiмiкаў па размеркаванню прыйшоў у цэх № 12. Па вынiках спаборнiцтва быў прызнаны лепшым маладым спецыялiстам. Хлопец кажа, што вельмi ганарыцца сваiм прадпрыемствам i iмкнецца працаваць як мага лепш. Дарэчы, маладых усяляк падтрымлiваюць: калi чалавек прыходзiць на «Полацк-Шкловалакно», то на працягу першага года працы яму выплачваецца надбаўка — 30 працэнтаў ад тарыфнай стаўкi. Калi прызнаецца лепшым, то яшчэ 10 працэнтаў дадаецца. На наступны год ужо ёсць магчымасць i 50-працэнтную надбаўку атрымлiваць. Так што iснуе стымул працаваць. Трэба мець на ўвазе i тое, што зарплата на прадпрыемстве — адна з самых высокiх. Як паведамiла Алена Савiцкая, па вынiках мiнулага года сярэднi памер аплаты працы склаў больш чым 800 тысяч рублёў, а сёлета, як чакаецца, будзе ў межах 1 млн рублёў. У «Полацк-Шкловалакно» вялiкая «сацыялка»: Дом культуры, фiзкультурны комплекс з басейнам, дзiцячы садок, 3 iнтэрнаты, санаторый-прафiлакторый (дзе, дарэчы, у тым лiку ёсць пакой спелеалячэння, таксама тут плануецца адкрыць i гразелячэбнiцу), дзiцячы аздараўленчы лагер (тут пачалi будаваць новы двухпавярховы корпус), база адпачынку. Непасрэдна на прадпрыемстве працуе ўласная палiклiнiка, таму работнiкам не трэба марнаваць час у чэргах, з усiмi пытаннямi можна разабрацца на месцы. Ёсць цэлы ўласны цэх грамадскага харчавання, з некалькiмi сталовымi, кафэ, чайной. Паспяхова вырашаецца i жыллёвае пытанне: як паведамiла Людмiла Проп, зараз для работнiкаў фармiруецца 108-кватэрны кааператыўны дом. Такiм чынам, на ААТ «Полацк-Шкловалакно» забяспечваецца важкi пакет сацыяльных гарантый. Людзi адчуваюць гэты паўсядзённы клопат аб вырашэннi сваiх надзённых праблем, таму iмкнуцца выконваць сваю справу як мага лепш. Кожны на сваiм месцы. Менавiта такi падыход i вызначае поспех агульнай справы. Захар БУРАК, Вiктар ПАЗНЯКОЎ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Унiкальная прадукцыя, якая выпускаецца акцыянерным таварыствам «Полацк-Шкловалакно», запатрабавана ў 200 галiнах |
|