«Мне, столькi год прапаўшаму без вестак...»
14 лютага спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта Алеся ЗВОНАКА.
Яго лёс — такi незвычайны i ў той жа час... зусiм тыповы для пакалення равеснiкаў ХХ стагоддзя. Алесь Звонак (сапраўднае яго iмя Пётр Барысавiч) нарадзiўся ў Мiнску. Яго бацька працаваў рабочым у князёў Радзiвiлаў, графа Чапскага, потым на чыгунцы ў Мiнску. Ён удзельнiчаў у руска-японскай, iмперыялiстычнай i грамадзянскай войнах. Калi бацька быў на фронце ў 1914—1917 гадах, тры яго сыны апынулiся ў дзiцячым прытулку: мацi не магла iх пракармiць... Падлеткам Алесь Звонак працаваў падпаскам. Ратуючыся ад голаду, прыехаў у мястэчка Ляды, што на Аршаншчыне, — i быў усыноўлены былым чыноўнiкам пошты (ён хацеў атрымаць лiшнi кавалак зямлi, а дзялiлi яе па колькасцi едакоў). Зiмой 1922-га будучы паэт збег ад прыёмных бацькоў у Мiнск... Пасля дэмабiлiзацыi бацькi разам з iм i старэйшымi братамi хадзiў па вёсках, клаў печы i ўзводзiў падмуркi ў сялянскiх хатах. Алесь Звонак скончыў агульнаадукацыйныя курсы, дзе беларускую мову i лiтаратуру выкладаў паэт Язэп Пушча. Працаваў у газеце «Чырвоная Полаччына», кiраваў полацкай фiлiяй «Маладняка». Быў рэдактарам лiтаратурных перадач Беларускага радыё (1927—1929), адказным сакратаром i рэдактарам аддзела паэзii часопiса «Маладняк» (1929—1931). У гэты ж час скончыў лiтаратурна-лiнгвiстычнае аддзяленне педфака БДУ i паступiў на трэцi курс Маскоўскага ўнiверсiтэта на лiтаратурны факультэт. Але так склалiся абставiны, што ў хуткiм часе Алесь Звонак быў накiраваны ў Ленiнградскую акадэмiю мастацтвазнаўства, дзе спецыялiзаваўся па гiсторыi тэатра ХХ стагоддзя i падрыхтаваў манаграфii аб дзейнасцi Меерхольда i Галубка. Пасля вяртання ў Мiнск працаваў у Акадэмii навук БССР (1934—1935), у газеце «Лiтаратура i мастацтва». У лiстападзе 1936 года быў арыштаваны. Яшчэ ў 1926-м, у адным з раннiх вершаў, Алесь Звонак напiсаў радкi, якiя сталi ў пэўным сэнсе прарочымi: Цiшыня. Над туманнай лагчынай, Як браты, абнялiся дубы... Трэба выцерпець шмат за айчыну, Каб яе навучыцца любiць. Ён адбываў пакаранне ў Магаданскай вобласцi. Пасля вызвалення з лагера (у 1946-м) працаваў на залатаносных прыiсках Поўначы. У вершы «Над безданню» (1946) Алесь Звонак пiсаў: Дзьмуць з усходу вятры У былую маю старану, Дзе зямля маiх продкаў, Бацькоў дарагiя магiлы, Дзе мая Беларусь Без мяне сустракае вясну, Што дала катаржанiну Прагу да волi i сiлу... Не ўцячэш ад самога сябе, Лбом сцяны не праб’еш, I жыццё, як iржавы ланцуг на нагах, Безудзельна бразгоча. Хiба ж мудрасцi бог Нiспашле сваю волю табе, Каб адолець ты змог Чарнарыззе бясконцае ночы?! У 1954 годзе ён быў рэабiлiтаваны. На радзiму вярнуўся праз доўгiя 19 гадоў... У 1992-м, за кнiгу вершаў «Светлаценi», Алесю Звонаку была прысуджана Дзяржаўная прэмiя Рэспублiкi Беларусь. Жыццё пражыў вялiкае — яго не стала 2 лютага 1996 года. Друкавацца Алесь Звонак пачаў у 1925 годзе. Да арышту выйшлi тры яго паэтычныя зборнiкi. Нягледзячы на няпростыя варункi лёсу, Алесь Звонак годна прайшоў па жыццi. Ён лiчыў сябе пераможцам, пра што i напiсаў: Усё падуладна волi Чалавека — Заканамернасць смерцi i быцця: Ён пераможцам выйдзе ў бiтве векам Свайго нядоўгавечнага жыцця! Таццяна ПАДАЛЯК. Алесь ЗВОНАК Цень Еўфрасiннi Па руiнах разбураных келляў, Там, дзе зеўраюць з трэшчын вякi, Я спускаўся ў твае падзямеллi, I спалохана ў пальцах трымцелi Свечак доўгiя языкi... Пачарнелыя глыбы скляпенняў, Лабiрынты бясконцых хадоў Праглыналi дрыготкiя ценi... Быў, як мудрасцi сiмвал нятленны, — Сцёрты надпiс далёкiх гадоў. Сустракалi няветлiва госця, Не ўставалi з сатлелых грабнiц Мудрых продкаў пажоўклыя косцi... А жылi ж, праклiналi кагосьцi, Перш чым пасцi закутымi нiц. Пахла воскам у прыцемку сiнiм. I здавалася, з дна тайнiкоў Свецяць вочы Вялiкай Княгiнi... Гэта здань твая, Еўфрасiння, Мiльганула з глыбiнь вякоў! 1927 Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
14 лютага спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта Алеся ЗВОНАКА |
|