21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Мiхаiл РЫМЖА: «Iнфекцыйная захворваемасць — лакмусавая паперка эфектыўнасцi дзейнасцi санэпiдслужбы»

26.08.2009 08:47 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

17 чэрвеня — Дзень медыцынскiх работнiкаў

Сiстэма аховы здароўя ў Беларусi складаецца з дзвюх галiн: клiнiчнай i прафiлактычнай медыцыны. Але калi тэрапеўты, педыятры, кардыёлагi, неўрапатолагi знаходзяцца заўсёды навiдавоку i на слыху, то ўрачы-гiгiенiсты, эпiдэмiёлагi i мiкрабiёлагi нагадваюць, хутчэй, байцоў нябачнага фронту. Мiж iншым, санiтарна-эпiдэмiялагiчны дабрабыт нашай краiны знаходзiцца ў руках менавiта гэтых спецыялiстаў. Птушыны грып, кiшэчныя iнфекцыi, туберкулёз, адзёр, шаленства пастаянна выпрабоўваюць санэпiдслужбу на прафесiяналiзм. Напярэдаднi прафесiйнага свята медыцынскiх работнiкаў мы сустрэлiся з Галоўным дзяржаўным санiтарным урачом Рэспублiкi Беларусь Мiхаiлам Рымжай, каб пагутарыць аб буднях санэпiдслужбы...

— Пэўны час таму выказвалiся прапановы, каб вывесцi сан- эпiдслужбу з сiстэмы аховы здароўя. Дзякуй Богу, у Беларусi да развалу дзяржаўнай санэпiдслужбы справа не дайшла, таму што гэта было б недаравальнай памылкай. Сёння дзяржаўны санiтарны нагляд ажыццяўляюць на тэрыторыi краiны 138 цэнтраў гiгiены i эпiдэмiялогii. Плюс на задачы прафiлактыкi i мiнiмiзацыi шкодных фактараў навакольнага асяроддзя працуюць Рэспублiканскi навукова-практычны цэнтр гiгiены i Навукова-даследчы iнстытут эпiдэмiялогii i мiкрабiялогii.

Шум, вiбрацыя, загазаванасць, сонечная радыяцыя, электрамагнiтнае выпраменьванне, iншыя фiзiчныя фактары — iх уздзеянне на чалавека адбываецца штодня, праўда, наступствы могуць праявiцца праз даволi працяглы час. Поўнасцю ўстаранiць iх уплыў, на жаль, не ўяўляецца магчымым. Скажам, як можна пазбавiцца ад шуму ў вялiкiм горадзе? Цi як пазбавiцца выкiдаў аўтатранспарту, асаблiва з улiкам пастаяннага павелiчэння колькасцi аўтамабiляў? Мiнскiя спецыялiсты, напрыклад, займаюцца вывучэннем фактараў рызыкi i выпрацоўваюць рэкамендацыi па iх мiнiмiзацыi. Уздоўж аўтатрас з актыўным аўтамабiльным рухам устанаўлiваюцца шумаахоўныя экраны, транспартныя патокi пераразмяркоўваюцца, вакол прамысловых прадпрыемстваў ствараецца санiтарная ахоўная зона i гэтак далей.

Многiх сёння хвалюе суседства з антэнамi базавых станцый, пры гэтым усе хочуць карыстацца сотавай сувяззю. Хачу запэўнiць, што яшчэ да пачатку будаўнiцтва месца ўстаноўкi базавай станцыi абавязкова ўзгадняецца з тэрытарыяльнымi органамi дзяржаўнага санiтарнага нагляду. Пасля завяршэння будаўнiцтва праводзяцца пусканаладачныя работы i вымярэннi, на падставе якiх выдаецца санiтарны пашпарт — дакумент, якi пацвярджае бяспечнасць выкарыстання аб’екта i ўстанаўлiвае абмежавальныя зоны забудовы i санiтарнай аховы. Да таго ж электрамагнiтны фон вакол усiх рэтранслятараў пастаянна кантралюецца санiтарнай службай. Кантралюем мы таксама i ўмовы працы. На канец мiнулага года ва ўмовах неспрыяльных вытворчых фактараў працавалi больш за 563 тысячы чалавек. Пераважна гэта шум i вiбрацыя на рабочых месцах, што звязана з недасканалымi тэхналогiямi вытворчасцi i абсталяваннем. Праўда, на чалавека могуць уздзейнiчаць i адразу некалькi фактараў: шум, вiбрацыя, пыл, электрамагнiтнае поле i гэтак далей. У вынiку рэалiзацыi мерапрыемстваў па паляпшэнню умоў працы на прамысловых i сельскагаспадарчых прадпрыемствах узровень прафесiйнай захворваемасцi зменшыўся летась на 11,4 працэнта.

Уся гэта праца, аб якой я гаварыў вышэй, вельмi важная, але яна не такая бачная, як праца па папярэджванню iнфекцыйнай захворваемасцi. Менавiта эпiдэмiялагiчная сiтуацыя ў краiне, на маю думку, з’яўляецца лакмусавай паперкай эфектыўнасцi дзейнасцi дзяржаўнай санэпiдслужбы. Заўважу, што сiтуацыя па вакцынакантралюемых iнфекцыях у Беларусi — адна з самых стабiльных не толькi ў СНД, але i ў Еўропе. Яшчэ ў 2002 годзе мы атрымалi сертыфiкат як тэрыторыя свабодная ад полiямiэлiту. Дзякуючы вакцынацыi i строгай арганiзацыi пiтнога рэжыму, у апошнiя гады ў нас рэзка скарацiлася захворваемасць на гепатыты. Дарэчы, арганiзацыя ў нашай краiне iмунiзацыi была прызнаная экспертамi Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя як узорная. Прышчэпкамi ў нас ахоплена 95—98 працэнтаў насельнiцтва.

Сёння мы iмкнёмся цалкам лiквiдаваць адзёр. Калi ў 2005 годзе быў зарэгiстраваны толькi адзiн выпадак адзёру, то ў мiнулым годзе — 149. Зразумела, у пералiку на колькасць насельнiцтва Беларусi гэта нязначная лiчба, але спецыялiстаў заўсёды засмучаюць нават адзiнкавыя выпадкi iнфекцыi. Пры эпiдэмiялагiчным расследаваннi было ўстаноўлена, што адзёр быў завезены на тэрыторыю Беларусi з Украiны, а захварэлыя беларусы былi або ўвогуле не прышчэпленыя супраць адзёру, або ўведзеная iм вакцына не валодала належным iмуналагiчным эфектам. Прыйшлi да высновы, што вакцына страцiла свае ўласцiвасцi ў вынiку парушэння ўмоў яе захоўвання, паколькi ў суседнiх населеных пунктах, дзе насельнiцтва прышчаплялася той жа серыяй вакцыны, выпадкаў захворвання не рэгiстравалася. З iншага боку, гэта ўспышка прадэманстравала, што ў нас на належным узроўнi арганiзавана iмунапрафiлактыка, дзякуючы якой выпрацаваўся добры калектыўны iмунiтэт i далей iнфекцыя не распаўсюдзiлася.

— Мiхаiл Iванавiч, кантроль за аб’ектамi гандлю i харчавання таксама ажыццяўляюць вашы спецыялiсты...

— Я заўсёды падкрэслiваю, што галоўны кантралёр — гэта сам пакупнiк. Напрыклад, спажыўцам не пашкодзiць ведаць, што пры тэмпературы паветра плюс 22 градусы ўсе кансервы павiнны рэалiзоўвацца толькi з халадзiльнага абсталявання. На вiтрыне могуць выстаўляцца толькi пустыя шкляначкi, каробачкi i гэтак далей. Я лiтаральна днямi аказаўся ў раёне вулiцы Фролiкава ў сталiцы i вырашыў асабiста праiнспектаваць харчовы мiнi-рынак. Падумалася, што гэта ж не цэнтр горада, не Камароўка, за якой устаноўлены вельмi жорсткi санiтарны нагляд. Прызнаюся, што быў прыемна здзiўлены — усе санiтарныя правiлы вытрымлiваюцца. Вось так i павiнна быць паўсюдна.

Хачу заўважыць, што з 1 сакавiка ў Беларусi ўступiў у дзеянне новы Кодэкс аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях, якi значна пашырыў правы i магчымасцi прадстаўнiкоў дзяржаўнага санiтарнага нагляду. Таму я даў заданне арганiзаваць i правесцi адукацыйныя семiнары з работнiкамi грамадскага харчавання i гандлю, каб растлумачыць iм, што згодна з новым Кодэксам за рэалiзацыю прадукцыi з завершаным тэрмiнам годнасцi, мiнiмальная сума штрафу складае 20 базавых велiчынь — 620 тысяч рублёў, а максiмальная можа дасягаць 1,5 мiльёна рублёў.

Пры такiм спякотным надвор’i прадукты, калi парушаны правiлы iх захоўвання, вельмi хутка пераўтвараюцца ў мiну замаруджанага дзеяння. Таму мы зараз прайшлiся па ўсiх школьных сталовых, праверылi ўсе харчблокi i збiраемся перадаваць усю iнфармацыю аб выяўленых парушэннях i парушальнiках у Мiнiстэрства адукацыi i мясцовыя органы ўлады для прыняцця мераў дысцыплiнарнага ўздзеяння аж да вызвалення ад сваiх пасад парушальнiкаў i кiраўнiкоў гэтых навучальных устаноў. А калi ў вынiку безадказнасцi з’яўляюцца пацярпелыя, то абавязкова перадаём справу ў пракуратуру. Так як гэта было ў Талачыне, дзе напрыканцы мая ў школе была зарэгiстраваная ўспышка дызентэрыi. Носьбiтамi гэтай iнфекцыi аказалiся дзве прыбiральшчыцы, якiя супраць усiх правiлаў былi прыцягнуты да раздачы ежы дзецям. Вынiк вы самi ведаеце...

— Апошнiм часам бацькi пастаянна скардзяцца на высокiя нагрузкi на дзяцей у школе, на непад’ёмныя ранцы з падручнiкамi. Можа быць, пазiцыя санiтарнай службы ў гэтых пытаннях павiнна быць больш прынцыповай?

— Не магу з вамi пагадзiцца. Лiтаральна са студзеня гэтага года пачалi дзейнiчаць новыя гiгiенiчныя патрабаваннi да ўладкавання, зместу i арганiзацыi вучэбна-выхаваўчага працэсу ў агульнаадукацыйных установах. Яны ахоплiваюць лiтаральна ўсе бакi школьнага жыцця: ад патрабаванняў да будынкаў устаноў адукацыi, штучнага i натуральнага асвятлення, школьнай мэблi, спартыўнага рыштунку да арганiзацыi вучэбна-выхаваўчага працэсу, харчавання школьнiкаў i гiгiенiчнага выхавання навучэнцаў. У новых СанПiНах знайшлi адлюстраванне прынцыпова новыя моманты, якiя падказала школьная практыка, заходнi вопыт i, зразумела, бацькоўская грамадскасць. Для прыкладу, шмат скаргаў паступала ў санiтарную службу ад бацькоў, чые дзецi навучалiся на другой змене. Мы гэта пытанне дакладна прапiсалi. Для таго, каб малодшыя школьнiкi не цягалi штодня цяжкiя ранцы цi рукзакi, у памяшканнях пачатковых класаў павiнны стварацца ўмовы для захоўвання там прыладаў для працоўнага навучання, кнiг для дадатковага чытання ў класе, падручнiкаў i вучэбных дапаможнiкаў для першакласнiкаў, якiм хатнiя заданнi не задаюць, i спартыўнай формы. Гэта могуць быць iндывiдуальныя цi ўбудаваныя шафы або ячэйкi. Пры будаўнiцтве або рэканструкцыi будынкаў iх трэба прадугледжваць i для навучэнцаў сярэднiх i старэйшых класаў школ.

Устаноўлены i гiгiенiчныя патрабаваннi да аб’ёму хатнiх заданняў, якiя павiнны адпавядаць узроставым i фiзiялагiчным магчымасцям дзяцей. Няхай i нязначна, але аб’ёмы хатняй вучэбнай нагрузкi ўсё ж такi былi скарочаны. Так, у 2-м класе дзецi не павiнны праводзiць над хатнiмi заданнямi больш за 1,2 гадзiны, у 3—4-м класах — 1,5 гадзiны. Пяцiкласнiкi i шасцiкласнiкi павiнны спраўляцца з хатнiмi заданнямi за 2 гадзiны, сямi i васьмiкласнiкi — за 2,5 гадзiны, а вучнi дзевятых—дванаццатых класаў — не больш чым за 3 гадзiны.

Вучэбная нагрузка павiнна рацыянальна размяркоўвацца па днях тыдня, а расклад заняткаў складацца з улiкам рангавай шкалы цяжкасцi прадметаў. Яшчэ адно новаўвядзенне — гэта патрабаванне да ўстаноўкi ў вучэбных памяшканнях афтальмалагiчных трэнажораў. Менавiта праблемы са зрокам займаюць лiдзiруючыя пазiцыi ў структуры захворванняў цяперашнiх школьнiкаў. Што датычыцца вагi падручнiкаў, то яна змяншаецца, аб’ёмныя падручнiкi дзеляцца на дзве-тры часткi, праўда, пакуль цалкам не выйдуць з эксплуатацыi падручнiкi, выпушчаныя раней, без улiку новых патрабаванняў да iх вагi, праблема цалкам не вырашыцца.

— А як iдуць справы з забяспечанасцю санэпiдслужбы ўрачэбнымi кадрамi i яе тэхнiчным аснашчэннем?

— Забяспечанасць урачэбнымi кадрамi складае толькi 65 працэнтаў ад патрэбы ў фiзiчных асобах, а сярэднiм медыцынскiм персаналам — 85 працэнтаў. Таму каэфiцыент сумяшчальнiцтва ва ўрачоў складае 1,5. У нас ёсць цэнтры гiгiены i эпiдэмiялогii, асаблiва ў аддаленых сельскiх раёнах, дзе працуе толькi адзiн урач. Павiнна быць як мiнiмум тры. Акрамя таго ў нас працуюць каля 30 працэнтаў пенсiянераў. Мы вельмi даражым вопытнымi кадрамi, але добра разумеем, што змены iм проста няма. Прычым дэфiцыт кадраў адчуваецца не толькi ў раёнах, але нават у абласных цэнтрах i ў сталiцы.

Кадры для нашай службы рыхтуюць дзве ВНУ: Беларускi дзяржаўны медунiверсiтэт i Гомельскi дзяржаўны медунiверсiтэт. Зараз мы стварылi спецыяльную камiсiю, якая падрыхтуе перспектыўны план па замацаванню кадраў у санэпiдслужбе i распрацуе кадравую палiтыку да 2010 года. Задумваемся аб пашырэннi плана набору на медыка-прафiлактычныя факультэты. Асобна стаiць пытанне развiцця i ўмацавання матэрыяльна-тэхнiчнай базы. Справа ў тым, што тэхнiка старэе iмклiвымi тэмпамi, i мы цудоўна разумеем, што аснасцiць усе нашы цэнтры гiгiены i эпiдэмiялогii сучасным абсталяваннем немагчыма. Больш за тое, у гэтым няма патрэбы. Мы абралi iншы шлях. У плане матэрыяльна-тэхнiчнага перааснашчэння збiраемся вызначыць занальныя цэнтры гiгiены i эпiдэмiялогii, дзе будуць створаны магутныя лабараторыi. Для захавання дарагога абсталявання патрэбныя адпаведныя ўмовы. Акрамя таго, для лабараторыi павiнны быць падрыхтаваныя кадры — не адзiн урач, а мiнiмум 5—7 урачоў лабараторнага профiлю. У кожнай вобласцi плануецца стварыць па некалькi такiх лабараторных цэнтраў, якiя будуць абслугоўваць усе прылеглыя тэрыторыi. У нас ужо маецца станоўчы вопыт па стварэнню цэнтра калектыўнага карыстання ў Мiнску, дзякуючы якому былi лiквiдаваныя мiкрабiялагiчныя лабараторыi ва ўсiх сталiчных бальнiцах i палiклiнiках, за выключэннем iнфекцыйных. Цяпер у новай магутнай лабараторыi на суперсучасным абсталяваннi працуюць кругласутачна больш за два дзесяткi ўрачоў. I калi ранейшымi метадамi мы маглi паставiць канчатковы дыягназ «сепсiс» толькi на 8—10 суткi, то сёння маем магчымасць атрымаць адказ ужо праз 2—3 гадзiны. А своечасова распачатае лячэнне — гэта выратаванае жыццё.

— Мiхаiл Iванавiч, а цi былi ў вашай прафесiйнай дзейнасцi сiтуацыi, якiя ставiлi вас у тупiк?

— Былi, хутчэй, нечаканыя для мяне сiтуацыi. Так, гадоў дваццаць таму мне разам з двума маiмi калегамi давялося высвятляць прычыну ўспышкi iнфекцыi ў радзiльным аддзяленнi адной раённай бальнiцы. Хачу падкрэслiць, што ўнутрыбальнiчныя iнфекцыi — гэта бiзун для бальнiчных устаноў ва ўсiм свеце, паколькi ў бальнiцах складваецца вельмi спецыфiчнае экалагiчнае асяроддзе. Мiкрафлора лячэбнай установы карэнным чынам адрознiваецца ад мiкрафлоры ў любым iншым месцы, там цыркулююць агрэсiўныя ўзбуджальнiкi, прычым вельмi ўстойлiвыя да антыбiётыкаў, дэзiнфектантаў i антысептыкаў. Таму больш нi ў адной установе вы не ўбачыце такiх жорсткiх рэжымаў дэзiнфекцыi: паветра пастаянна азанiруецца, пастаянна гарыць ультрафiялет. Калi я ехаў у радзiльнае аддзяленне, то рыхтаваўся да стафiлакокавай iнфекцыi — гэта самая распаўсюджаная прычына ўспышак унутрыбальнiчных iнфекцый. Але як толькi мы ўбачылi першых захварэлых, тут жа зразумелi, што маем справу не са стафiлакокам. Я сабраў усе гiсторыi хваробы, усе гiсторыi родаў, усе гiсторыi развiцця нованароджаных i прааналiзаваў усё, што было да з’яўлення ў аддзяленнi першага захварэлага i пазней. Высветлiлася, што ў радзiльнае аддзяленне паступiла жанчына з запаленнем лёгкiх, якое мела адэнавiрусную прыроду. Акрамя таго ў яе была i iншая паталогiя, таму ёй зрабiлi кесарава сячэнне. Першы дзень прайшоў спакойна, другi дзень прайшоў спакойна, а на трэцi дзень жанчыне прынеслi дзiця для кармлення. I ў дзiцяцi праз некалькi гадзiн з’явiўся насмарк, затым да яго далучыўся так званы плёнчаты кан’юктывiт, дыярэя, а праз нейкi час пачала праяўляцца клiнiка пнеўманii. У вынiку гэта дзiця стала спускавым курком для распаўсюджвання iнфекцыi. Мы аб’ехалi ўсiх дзяцей, якiя знаходзiлiся ў стацыянары адначасова з першым захварэлым, але выпiсалiся раней, i даставiлi iх у бальнiцу. На шчасце, мы не страцiлi нi аднаго дзiцяцi, хоць сiтуацыя была вельмi трывожная...

— Мiхаiл Iванавiч, а што б вы хацелi пажадаць сваiм калегам напярэдаднi прафесiйнага свята?

— Я жадаю сваiм калегам, каб прафесiйныя экзамены яны заўсёды здавалi на «выдатна», нiколi не расчароўвалiся ў сваёй прафесii, каб работа прыносiла iм i маральнае, i матэрыяльнае задавальненне, i каб яны моцна трымалi ў сваiх руках санiтарна-эпiдэмiялагiчны дабрабыт насельнiцтва Беларусi.

Гутарыла Надзея НІКАЛАЕВА.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сiстэма аховы здароўя ў Беларусi складаецца з дзвюх галiн: клiнiчнай i прафiлактычнай медыцыны
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика