21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Закон Рэспублiкi Беларусь

26.08.2009 10:28 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Закон Рэспублiкi Беларусь Аб дзяржаўным рэгуляваннi вытворчасцi i абароту алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту

(Працяг. Пачатак у нумары за 2 верасня.)

3. Рознiчны гандаль этылавым спiртам, якi адносiцца да алкагольнай прадукцыi, ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь толькi ў аптэках.

4. На тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь забараняецца продаж алкагольных напояў асобам, маладзейшым за 18 гадоў. У выпадку неабходнасцi фiзiчныя асобы, якiя набываюць алкагольныя напоi, абавязаны прад’явiць дакумент, што сведчыць iх узрост.

Артыкул 12. Рэгуляванне аб’ёмаў вытворчасцi алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту

1. Вытворчасць алкагольнай прадукцыi, нехарчовага этылавага спiрту, дэзынфiкуючых сродкаў, антысептычных лекавых i ветэрынарных сродкаў, якiя адносяцца да нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi, ажыццяўляецца ў межах квот, якiя ўстанаўлiваюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Квоты на вытворчасць прадукцыi, спiрту i сродкаў, указаных у частцы першай гэтага пункта, устанаўлiваюцца зыходзячы з патрэбнасцi ўнутранага рынку i экспартных магчымасцяў Рэспублiкi Беларусь тэрмiнам на адзiн год i вызначаюць гранiчны аб’ём вытворчасцi.

2. Не ўстанаўлiваюцца квоты на:

вытворчасць састаўных спiртовых паўфабрыкатаў для вытворчасцi напояў i iншых паўфабрыкатаў з аб’ёмнай доляй этылавага спiрту 7 i больш працэнтаў;

вытворчасць арыгiнальных алкагольных напояў, вырабленых у культурна-этнаграфiчных цэнтрах, нацыянальных парках i запаведнiках, iншых аб’ектах Рэспублiкi Беларусь у мэтах аднаўлення паўнаты беларускiх нацыянальных традыцый;

аптэчны выраб антысептычных лекавых сродкаў.

3. Квоты на вытворчасць алкагольнай прадукцыi, нехарчовага этылавага спiрту, дэзынфiкуючых сродкаў, антысептычных лекавых i ветэрынарных сродкаў, якiя адносяцца да нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi, размяркоўваюцца адпаведна памiж iх вытворцамi ў парадку, вызначаным Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Глава 4

Патрабаваннi, якiя прад’яўляюцца да абсталявання для вытворчасцi алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту, прыбораў iх улiку i сродкаў кантролю гэтых прыбораў

Артыкул 13. Дзяржаўная рэгiстрацыя i перарэгiстрацыя асноўнага тэхналагiчнага абсталявання для вытворчасцi алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту

1. Асноўнае тэхналагiчнае абсталяванне для вытворчасцi алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту (далей — асноўнае тэхналагiчнае абсталяванне) падлягае дзяржаўнай рэгiстрацыi, а ў выпадках, прадугледжаных пунктам 3 гэтага артыкула, — перарэгiстрацыi Дзяржаўным камiтэтам па стандартызацыi Рэспублiкi Беларусь (далей — Дзяржстандарт).

Патрабаванне часткi першай гэтага артыкула не распаўсюджваецца на аптэчны выраб антысептычных лекавых сродкаў.

Пералiк асноўнага тэхналагiчнага абсталявання, якое падлягае дзяржаўнай рэгiстрацыi, зацвярджаецца Дзяржстандартам.

2. Дзяржаўнай рэгiстрацыi падлягае ўстаноўленае асноўнае тэхналагiчнае абсталяванне, якое належыць юрыдычным асобам на праве ўласнасцi, гаспадарчага распараджэння або аператыўнага кiравання i аснашчана прыборамi ўлiку алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту, якiя адпавядаюць патрабаванням артыкула 16 гэтага Закона.

3. У выпадку перадачы ва ўласнасць, гаспадарчае распараджэнне або аператыўнае кiраванне ад адной юрыдычнай асобы iншай асноўнага тэхналагiчнага абсталявання, якое прайшло дзяржаўную рэгiстрацыю, яго новы ўласнiк або юрыдычная асоба, якой перададзена асноўнае тэхналагiчнае абсталяванне ў гаспадарчае распараджэнне або аператыўнае кiраванне, абавязаны яго перарэгiстраваць.

Артыкул 14. Парадак дзяржаўнай рэгiстрацыi (перарэгiстрацыi) асноўнага тэхналагiчнага абсталявання. Адмова ў дзяржаўнай рэгiстрацыi (перарэгiстрацыi)

1. Для дзяржаўнай рэгiстрацыi (перарэгiстрацыi) асноўнага тэхналагiчнага абсталявання юрыдычныя асобы прадстаўляюць у Дзяржстандарт:

заяву па форме, зацверджанай Дзяржстандартам;

экспертнае заключэнне рэспублiканскага ўнiтарнага прадпрыемства "Беларускi дзяржаўны iнстытут метралогii" або абласнога цэнтра стандартызацыi, метралогii i сертыфiкацыi Дзяржстандарта аб метралагiчным стане сродкаў вымярэнняў, якiя знаходзяцца ў складзе асноўнага тэхналагiчнага абсталявання, i дакладнасцi iнфармацыi аб наменклатуры i ўлiковых даных гэтага абсталявання;

дакумент, якi пацвярджае выплату дзяржаўнай пошлiны;

копii сертыфiкатаў адпаведнасцi Нацыянальнай сiстэмы пацвярджэння адпаведнасцi Рэспублiкi Беларусь (для асноўнага тэхналагiчнага абсталявання, якое ўваходзiць у пералiк прадукцыi, паслуг, персаналу i iншых аб’ектаў ацэнкi адпаведнасцi, якiя падлягаюць абавязковаму пацвярджэнню адпаведнасцi ў Рэспублiцы Беларусь);

копii пасведчанняў аб дзяржаўнай гiгiенiчнай рэгiстрацыi асноўнага тэхналагiчнага абсталявання (для асноўнага тэхналагiчнага абсталявання, якое ўваходзiць у пералiк хiмiчных i бiялагiчных рэчываў, матэрыялаў i вырабаў з iх, прадукцыi вытворча-тэхнiчнага прызначэння, тавараў для асабiстых (бытавых) патрэб, харчовай сыравiны i харчовых прадуктаў, а таксама матэрыялаў i вырабаў, якiя прымяняюцца для ўпакоўкi, захоўвання, транспарцiроўкi, продажу, iншых спосабаў адчужэння харчовай сыравiны i харчовых прадуктаў i iх выкарыстання, якiя падлягаюць дзяржаўнай гiгiенiчнай рэгламентацыi i рэгiстрацыi) або актаў дзяржаўнай гiгiенiчнай экспертызы для тэхналагiчнага абсталявання, якое было ў выкарыстаннi;

копii пашпартоў асноўнага тэхналагiчнага абсталявання;

копii дакументаў, якiя пацвярджаюць права ўласнасцi, гаспадарчага распараджэння або аператыўнага кiравання юрыдычнай асобы на асноўнае тэхналагiчнае абсталяванне.

2. Заявы аб дзяржаўнай рэгiстрацыi (перарэгiстрацыi) асноўнага тэхналагiчнага абсталявання падаюцца юрыдычнымi асобамi ў трыццацiдзённы тэрмiн з дня яго ўстаноўкi.

3. Дзяржаўная рэгiстрацыя (перарэгiстрацыя) асноўнага тэхналагiчнага абсталявання ажыццяўляецца ў трыццацiдзённы тэрмiн з дня прадстаўлення ў Дзяржстандарт неабходных дакументаў.

4. На падставе прадстаўленых дакументаў Дзяржстандарт прымае рашэнне аб дзяржаўнай рэгiстрацыi (перарэгiстрацыi) асноўнага тэхналагiчнага абсталявання з выдачай пасведчання аб дзяржаўнай рэгiстрацыi гэтага абсталявання альбо аб адмове ў такой рэгiстрацыi (перарэгiстрацыi) з указаннем прычын адмовы.

5. Пры прыняццi рашэння аб адмове ў дзяржаўнай рэгiстрацыi (перарэгiстрацыi) асноўнага тэхналагiчнага абсталявання Дзяржстандарт паведамляе аб гэтым юрыдычнай асобе ў пiсьмовай форме ў пяцiдзённы тэрмiн з дня прыняцця такога рашэння.

6. Падставай для адмовы ў дзяржаўнай рэгiстрацыi (перарэгiстрацыi) асноўнага тэхналагiчнага абсталявання могуць быць наяўнасць у прадстаўленых дакументах недакладнай iнфармацыi, адмоўнае заключэнне па вынiках iх экспертызы.

7. Рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгiстрацыi (перарэгiстрацыi) асноўнага тэхналагiчнага абсталявання можа быць абскарджана ў вышэйстаячы дзяржаўны орган на працягу месяца з дня яго прыняцця (дасудовы парадак урэгулявання спрэчкi).

8. У выпадку, калi вышэйстаячы дзяржаўны орган адмовiў у задавальненнi скаргi альбо ва ўстаноўленыя заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь тэрмiны адказ на яе не быў атрыманы, рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгiстрацыi (перарэгiстрацыi) асноўнага тэхналагiчнага абсталявання можа быць абскарджана ў судовым парадку на працягу месяца з дня атрымання рашэння аб адмове ў задавальненнi скаргi або заканчэння тэрмiну, на працягу якога такая скарга падлягае разгляду.

Артыкул 15. Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгiстрацыi асноўнага тэхналагiчнага абсталявання

1. Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгiстрацыi асноўнага тэхналагiчнага абсталявання (далей — пасведчанне) афармляецца ў двух экзэмплярах, адзiн з якiх перадаецца юрыдычнай асобе, другi захоўваецца ў Дзяржстандарце.

2. У выпадку ўнясення змяненняў i (або) дапаўненняў у статутныя дакументы юрыдычнай асобы, у тым лiку ў сувязi са змяненнем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, у адпаведнасцi з якiм патрабуецца ўнясенне такiх змяненняў i (або) дапаўненняў, i неадпаведнасцi ўказаным змяненням i (або) дапаўненням пасведчання юрыдычная асоба абавязана ў пятнаццацiдзённы тэрмiн з дня дзяржаўнай рэгiстрацыi змяненняў i (або) дапаўненняў, унесеных у яе статутныя дакументы, падаць у Дзяржстандарт заяву аб унясеннi адпаведных змяненняў i (або) дапаўненняў у пасведчанне з прыкладаннем копiй яе статутных дакументаў.

3. Пры страце юрыдычнай асобай пасведчання ёй выдаецца дублiкат пасведчання ў пятнаццацiдзённы тэрмiн з дня падачы ў Дзяржстандарт заявы аб выдачы дублiката.

4. Пры спыненнi выкарыстання асноўнага тэхналагiчнага абсталявання або яго адчужэннi юрыдычныя асобы ў трыццацiдзённы тэрмiн абавязаны здаць у Дзяржстандарт пасведчаннi з прыкладаннем адпаведных дакументаў, якiя пацвярджаюць спыненне выкарыстання асноўнага тэхналагiчнага абсталявання, або акта аб спiсаннi з балансу i ўтылiзацыi гэтага абсталявання, або дакумента, якi пацвярджае факт яго перадачы ва ўстаноўленым парадку ва ўласнасць, гаспадарчае распараджэнне, аператыўнае кiраванне iншай юрыдычнай асобы.

5. Дзяржстандарт вядзе ўлiк выдадзеных пасведчанняў.

Артыкул 16. Патрабаваннi да выкарыстання асноўнага тэхналагiчнага абсталявання

1. Вытворчасць алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту павiнна ажыццяўляцца з прымяненнем спраўных i правераных прыбораў улiку даных прадукцыi i спiрту, уключаных у Дзяржаўны рэестр сродкаў вымярэнняў Рэспублiкi Беларусь або прайшоўшых метралагiчную атэстацыю.

Патрабаванне часткi першай гэтага пункта не распаўсюджваецца на аптэчны выраб антысептычных лекавых сродкаў.

Вiды прыбораў улiку па вiдах вытворчасцi алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту, а таксама тэрмiны пачатку iх выкарыстання юрыдычнымi асобамi, якiя ажыццяўляюць вытворчасць гэтых прадукцыi i спiрту, вызначаюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Вядзенне Дзяржаўнага рэестра сродкаў вымярэнняў Рэспублiкi Беларусь ажыццяўляецца Дзяржстандартам.

2. Прыборы ўлiку алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту павiнны мець устаноўленыя сродкi кантролю, фiскальную памяць, якая забяспечвае доўгачасовае захаванне i засцярогу ад несанкцыянаванага змянення ўлiковых даных, магчымасць падключэння i сумеснай работы з IВМ-сумяшчальным камп’ютарам, а таксама дзеючыя звяральныя клеймы.

Парадак выкарыстання i ўлiку сродкаў кантролю ўстанаўлiваецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Глава 5

Патрабаваннi да якасцi i бяспекi алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту, а таксама да iнфармацыi, якая змяшчаецца на спажывецкай тары (упакоўцы) алкагольных напояў

Артыкул 17. Патрабаваннi да якасцi i бяспекi алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту

1. Алкагольная, нехарчовая спiртазмяшчальная прадукцыя i нехарчовы этылавы спiрт падлягаюць дзяржаўнай гiгiенiчнай рэгламентацыi i рэгiстрацыi, а таксама абавязковаму пацвярджэнню iх адпаведнасцi патрабаванням тэхнiчных нарматыўных прававых актаў у галiне тэхнiчнага нармавання i стандартызацыi ў выпадках i парадку, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

2. Для вытворчасцi алкагольных напояў могуць прымяняцца толькi каньячны, пладовы i этылавы спiрт, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны, паўфабрыкаты, iнгрэдыенты i харчовыя дабаўкi, дазволеныя да прымянення органамi дзяржаўнага санiтарнага нагляду Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 18. Патрабаваннi да iнфармацыi, якая змяшчаецца на спажывецкай тары (упакоўцы) алкагольных напояў

1. На спажывецкай тары (упакоўцы) алкагольнага напою, якi рэалiзуецца, павiнны быць указаны:

назва алкагольнага напою;

назва вытворцы i месца яго знаходжання (юрыдычны адрас);

назва iмпарцёра алкагольнага напою ў Рэспублiку Беларусь i месца яго знаходжання (юрыдычны адрас);

мацунак алкагольнага напою i (або) аб’ёмная доля этылавага спiрту;

аб’ём алкагольнага напою ў спажывецкай тары (упакоўцы);

дата вырабу i тэрмiн прыдатнасцi або захоўвання;

абазначэнне тэхнiчнага нарматыўнага прававога акта ў галiне тэхнiчнага нармавання i стандартызацыi, у адпаведнасцi з патрабаваннямi якога выраблены i можа быць iдэнтыфiкаваны алкагольны напой (для алкагольных напояў, якiя выпускаюцца ў адпаведнасцi з тэхнiчнымi нарматыўнымi прававымi актамi ў галiне тэхнiчнага нармавання i стандартызацыi, дзеючымi ў Рэспублiцы Беларусь);

iншыя звесткi, вызначаныя тэхнiчнымi нарматыўнымi прававымi актамi.

2. Iнфармацыя на спажывецкай тары (упакоўцы) алкагольнага напою, якi рэалiзуецца, у тым лiку назва краiны знаходжання замежнага вытворцы, павiнна быць прадстаўлена на беларускай або рускай мовах. Месца знаходжання (юрыдычны адрас) замежнага вытворцы пры неабходнасцi можа быць указана на адпаведнай замежнай мове.

3. Дапускаецца ўказанне на спажывецкай тары (упакоўцы) iншых звестак аб алкагольным напоi, якiя не супярэчаць заканадаўству Рэспублiкi Беларусь.

Глава 6

Маркiроўка алкагольных напояў

Артыкул 19. Алкагольныя напоi, якiя падлягаюць маркiроўцы

1. Маркiроўцы акцызнымi маркамi падлягаюць алкагольныя напоi, якiя ўвозяцца на мытную тэрыторыю Рэспублiкi Беларусь i выраблены ў Рэспублiцы Беларусь, разлiтыя ў спажывецкую тару (упакоўку) i прызначаныя для абароту на яе тэрыторыi.

Маркiроўцы спецыяльнымi знакамi падлягаюць вырабленыя ў Рэспублiцы Беларусь шампанскае i iншыя алкагольныя напоi па пералiку, устаноўленым Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Парадак маркiроўкi алкагольных напояў спецыяльнымi знакамi ўстанаўлiваецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Алкагольныя напоi, якiя падлягаюць маркiроўцы акцызнымi маркамi, а таксама разлiтыя ў спажывецкую тару ўмяшчальнасцю да 50 кубiчных сантыметраў уключна, не маркiруюцца спецыяльнымi знакамi.

2. Не падлягаюць маркiроўцы акцызнымi маркамi алкагольныя напоi:

разлiтыя ў спажывецкую тару (упакоўку) умяшчальнасцю да 50 кубiчных сантыметраў уключна;

якiя ўвозяцца арганiзатарамi i ўдзельнiкамi мiжнародных выставак i кiрмашоў у якасцi ўзораў i экспанатаў;

якiя ўвозяцца i прызначаны для афiцыйнага выкарыстання замежнымi дыпламатычнымi прадстаўнiцтвамi i консульскiмi ўстановамi, а таксама прыроўненымi да iх органамi i мiсiямi мiжнародных арганiзацый;

якiя ўвозяцца для ўласнага спажывання дыпламатычнымi агентамi, службовымi асобамi консульскiх устаноў i прыроўненымi да iх супрацоўнiкамi органаў i мiсiй мiжнародных арганiзацый, а таксама членамi iх сем’яў;

якiя ўвозяцца i прызначаны для рэалiзацыi ў магазiнах бяспошлiннага гандлю;

якiя ўвозяцца i прызначаны для рэалiзацыi ў вагонах-рэстаранах, купэ-буфетах, купэ-барах цягнiкоў, якiя фармiруюцца за межамi Рэспублiкi Беларусь, на паветраных, марскiх i рачных суднах, якiя выконваюць мiжнародныя рэйсы. Аб’ём i ўмовы перамяшчэння цераз мытную мяжу Рэспублiкi Беларусь не падлягаючых маркiроўцы акцызнымi маркамi алкагольных напояў, якiя ўвозяцца i прызначаны для рэалiзацыi ў вагонах-рэстаранах, купэ-буфетах, купэ-барах цягнiкоў, якiя фармiруюцца за межамi Рэспублiкi Беларусь, на паветраных, марскiх i рачных суднах, якiя выконваюць мiжнародныя рэйсы, вызначаюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь;

якiя ўвозяцца ў якасцi ўзораў для сертыфiкацыйных выпрабаванняў у неабходных колькасцях, устаноўленых тэхнiчнымi нарматыўнымi прававымi актамi;

якiя ўвозяцца ў якасцi ўзораў вытворцам алкагольнай прадукцыi для правядзення ацэнкi якасцi (выпрабаванняў) i арганалептычных паказчыкаў напояў, якiя плануюцца да пастаўкi, на падставе заключаных дагавораў у колькасцi не больш як 5000 кубiчных сантыметраў у дачыненнi да кожнага ўзору;

якiя перавозяцца цераз мытную тэрыторыю Рэспублiкi Беларусь транзiтам;

якiя ўвозяцца фiзiчнымi асобамi ў межах нормаў, устаноўленых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;

вырабленае ў Рэспублiцы Беларусь шампанскае;

арыгiнальныя алкагольныя напоi.

Алкагольныя напоi, прызначаныя для рэалiзацыi за межы Рэспублiкi Беларусь, акрамя дзяржаў — удзельнiц Дагавора аб Мытным саюзе i Адзiнай эканамiчнай прасторы ад 26 лютага 1999 года, акцызнымi маркамi не маркiруюцца.

3. Алкагольныя напоi, прызначаныя для вывазу з тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь на тэрыторыю дзяржаў — удзельнiц Дагавора аб Мытным саюзе i Адзiнай эканамiчнай прасторы ад 26 лютага 1999 года, павiнны быць маркiраваны iх вытворцам у адпаведнасцi з патрабаваннямi заканадаўства краiны прызначэння да моманту iх адгрузкi з месца вырабу.

4. Алкагольныя напоi з пашкоджанымi акцызнымi маркамi падлягаюць перамаркiроўцы прызначанымi для гэтага акцызнымi маркамi.

Парадак захавання, перамяшчэння алкагольных напояў з пашкоджанымi акцызнымi маркамi i гандлю iмi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь (за выключэннем тых, што знаходзяцца пад мытным кантролем) зацвярджаецца Мiнiстэрствам гандлю Рэспублiкi Беларусь па ўзгадненнi з Мiнiстэрствам па падатках i зборах Рэспублiкi Беларусь.

5. Алкагольныя напоi, маркiраваныя акцызнымi маркамi, якiя выводзяцца з абарачэння, дадаткова маркiруюцца кантрольнымi маркамi.

Парадак вывядзення з абарачэння акцызных марак, захоўвання i перамяшчэння на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь алкагольных напояў, маркiраваных акцызнымi маркамi, якiя выводзяцца з абарачэння, а таксама парадак гандлю такiмi алкагольнымi напоямi ўстанаўлiваюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

6. Маркiроўцы спецыяльнымi маркамi падлягаюць алкагольныя напоi, затрыманыя або канфiскаваныя праваахоўнымi i кантралюючымi органамi, а таксама канфiскаваныя альбо накiраваныя ў даход дзяржавы iншым спосабам.

Артыкул 20. Узоры акцызных, спецыяльных i кантрольных марак, парадак iх рэалiзацыi

1. Акцызныя маркi, прызначаныя для маркiроўкi алкагольных напояў, якiя выраблены на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь i прызначаны для абароту на яе тэрыторыi, маюць адрозненне ў залежнасцi ад вiду алкагольнага напою i аб’ёму яго разлiву.

На акцызных марках, прызначаных для маркiроўкi алкагольных напояў, якiя ўвозяцца, а таксама алкагольных напояў з пашкоджанымi акцызнымi маркамi, iнфармацыя аб вiдзе алкагольнага напою i аб’ёме яго разлiву не ўказваецца.

2. Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь зацвярджаюцца:

узоры акцызных марак для маркiроўкi алкагольных напояў, якiя ўвозяцца на мытную тэрыторыю Рэспублiкi Беларусь, а таксама парадак iх вырабу i рэалiзацыi, маркiроўкi iмi алкагольных напояў, улiку, захоўвання, знiшчэння гэтых марак, кантролю за iх выкарыстаннем, парадак i тэрмiны прадстаўлення справаздач аб iх выкарыстаннi;

узоры акцызных марак для маркiроўкi алкагольных напояў, вырабленых на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, а таксама парадак iх вырабу i рэалiзацыi, маркiроўкi iмi алкагольных напояў, улiку, захоўвання, знiшчэння гэтых марак, кантролю за iх выкарыстаннем;

узоры спецыяльных марак, а таксама парадак вырабу, рэалiзацыi, выкарыстання, улiку, захоўвання, знiшчэння гэтых марак;

узоры акцызных марак для перамаркiроўкi алкагольных напояў з пашкоджанымi акцызнымi маркамi, парадак iх вырабу i рэалiзацыi, перамаркiроўкi iмi алкагольных напояў, улiку, захоўвання, знiшчэння гэтых марак i кантролю за iх выкарыстаннем;

узоры кантрольных марак для маркiроўкi алкагольных напояў, маркiраваных акцызнымi маркамi, якiя выводзяцца з абарачэння, а таксама парадак вырабу, рэалiзацыi, выкарыстання, улiку, захоўвання, знiшчэння гэтых марак i кантролю за iх выкарыстаннем.

3. Кошт акцызнай, кантрольнай марак устанаўлiваецца Мiнiстэрствам эканомiкi Рэспублiкi Беларусь.

Кошт акцызнай, кантрольнай марак адносiцца на сабекошт алкагольных напояў, а таксама ўключаецца ў затраты па вырабе i рэалiзацыi прадукцыi, тавараў (работ, паслуг), прыбытак, якi ўлiчваецца пры падаткаабкладаннi.

Кошт акцызных марак, не выкарыстаных i вернутых органам, якiя iх выдалi, вяртаецца юрыдычным асобам.

Кошт пашкоджаных акцызных, кантрольных марак вяртанню не падлягае.

4. Мiнiстэрства фiнансаў Рэспублiкi Беларусь сумесна з Мiнiстэрствам па падатках i зборах Рэспублiкi Беларусь i Дзяржаўным мытным камiтэтам Рэспублiкi Беларусь забяспечвае арганiзацыю вырабу акцызных марак i рэалiзацыю iх юрыдычным асобам i iндывiдуальным прадпрымальнiкам.

Фiнансаванне вырабу акцызных, спецыяльных i кантрольных марак ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту, прадугледжаных на гэтыя мэты.

5. Акцызныя маркi, прызначаныя для маркiроўкi iмпартуемых алкагольных напояў, рэалiзуюцца мытнымi органамi юрыдычным асобам, якiя маюць лiцэнзii на iмпарт алкагольных напояў i заключылi адпаведныя знешнегандлёвыя дагаворы.

Умовай набыцця акцызных марак з’яўляецца ўнясенне авансавых плацяжоў па акцызах у парадку i памерах, вызначаных заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, а таксама прадастаўленне мытным органам забеспячэння выплаты мытных пошлiн, падаткаў у дачыненнi да алкагольных напояў, для маркiроўкi якiх набываюцца акцызныя маркi. Пры гэтым памер забеспячэння выплаты мытных пошлiн, падаткаў вызначаецца ў памеры, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Юрыдычныя асобы, якiя заключылi знешнегандлёвыя дагаворы на iмпарт алкагольных напояў, якiя падлягаюць маркiроўцы акцызнымi маркамi, прадстаўляюць мытнаму органу справаздачу аб выкарыстаннi набытых акцызных марак у парадку i тэрмiны, устаноўленыя заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

У выпадку непрадстаўлення справаздачы аб выкарыстаннi акцызных марак у парадку i тэрмiны, устаноўленыя заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, мытныя органы за кошт прадстаўленага забеспячэння выплаты мытных пошлiн, падаткаў спаганяюць мытныя пошлiны, падаткi ў памеры, якi падлягае выплаце, пры змяшчэннi алкагольных напояў, для ўвозу якiх былi набыты акцызныя маркi, пад мытны рэжым свабоднага абарачэння.

Пры прадстаўленнi справаздачы аб выкарыстаннi набытых акцызных марак спагнаныя сумы падлягаюць вяртанню прапарцыянальна колькасцi акцызных марак, па якой прадстаўлена такая справаздача, у парадку, прадугледжаным заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь для вяртання (залiку) залiшне выплачаных (спагнаных) сум падаткаў, збораў (пошлiн), пенi.

6. Атрыманыя юрыдычнымi асобамi i iндывiдуальнымi прадпрымальнiкамi акцызныя маркi не падлягаюць адчужэнню або перадачы ў iншых формах iншым асобам, за выключэннем выпадкаў перадачы iх для нанясення на алкагольныя напоi, а таксама вяртання нявыкарыстаных акцызных марак.

Артыкул 21. Абавязкi i адказнасць у галiне маркiроўкi алкагольных напояў

1. Алкагольныя напоi, якiя iмпартуюцца, маркiруюцца акцызнымi маркамi за межамi мытнай тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь або на мытнай тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь у выпадках, устаноўленых заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь, пад кантролем мытных органаў у месцах, якiя вызначаюцца Дзяржаўным мытным камiтэтам Рэспублiкi Беларусь.

2. Вытворца алкагольных напояў абавязаны забяспечыць раздзельны ўлiк i захоўванне алкагольных напояў, не маркiраваных акцызнымi маркамi i прызначаных для рэалiзацыi за межы Рэспублiкi Беларусь.

3. Алкагольныя напоi, якiя падлягаюць маркiроўцы акцызнымi маркамi ўзору, што адпавядае вiду алкагольнага апою i (або) аб’ёму яго разлiву, але не маркiраваныя iмi, а таксама маркiраваныя акцызнымi маркамi з парушэннем парадку маркiроўкi, разглядаюцца як не маркiраваныя акцызнымi маркамi.

4. За правiльнасць маркiроўкi алкагольных напояў i сапраўднасць акцызных марак у адпаведнасцi з заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь нясуць адказнасць уласнiк гэтых напояў, а таксама асоба, якая валодае правамi валодання i распараджэння ўказанымi напоямi (акрамя асобаў, якiя набылi алкагольныя напоi ў рознiчнай гандлёвай сетцы).

5. Аптовы гандаль алкагольнымi напоямi, iх захоўванне (як вiд прадпрымальнiцкай дзейнасцi), iмпарт i рознiчны гандаль гэтымi напоямi юрыдычнымi асобамi, а таксама рознiчны гандаль алкагольнымi напоямi iндывiдуальнымi прадпрымальнiкамi ў аб’ектах грамадскага харчавання ажыццяўляюцца пры абавязковай наяўнасцi спраўных прыбораў для праверкi сапраўднасцi акцызных i (або) спецыяльных марак, унесеных у Дзяржаўны рэестр прыбораў для кантролю сапраўднасцi каштоўных папер i дакументаў з пэўнай ступенню аховы.

6. Юрыдычныя асобы, якiя ажыццяўляюць iмпарт, захоўванне (як вiд прадпрымальнiцкай дзейнасцi) алкагольных напояў, аптовы i (або) рознiчны гандаль iмi, абавязаны забяспечыць праверку сапраўднасцi акцызных i (або) спецыяльных марак на алкагольных напоях, якiя належаць iм альбо знаходзяцца на захоўваннi ў iх, у тым лiку ў iх адасобленых падраздзяленнях, i нясуць адказнасць за сапраўднасць гэтых марак у адпаведнасцi з заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

7. Iндывiдуальныя прадпрымальнiкi, якiя ажыццяўляюць рознiчны гандаль алкагольнымi напоямi ў аб’ектах грамадскага харчавання, абавязаны забяспечыць праверку сапраўднасцi акцызных марак на прыналежных iм алкагольных напоях i нясуць адказнасць за сапраўднасць гэтых марак у адпаведнасцi з заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Глава 7

Патрабаваннi да ўвозу (вывазу) i перамяшчэння па тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту

Артыкул 22. Маркiроўка суправаджальных дакументаў кантрольнымi знакамi

1. Увоз на мытную тэрыторыю Рэспублiкi Беларусь з мытнай тэрыторыi дзяржаў —удзельнiц Дагавора аб Мытным саюзе i Адзiнай эканамiчнай прасторы ад 26 лютага 1999 года алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту, перамяшчэнне па яе тэрыторыi, захоўванне на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь указаных прадукцыi i спiрту, увезеных з мытнай тэрыторыi такiх дзяржаў, ажыццяўляюцца па суправаджальных дакументах устаноўленага ўзору дзяржавы-экспарцёра, якiя маркiраваныя кантрольнымi знакамi ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Патрабаваннi часткi першай гэтага пункта не распаўсюджваюцца на ўвоз алкагольных напояў, маркiраваных акцызнымi маркамi.

Вываз з мытнай тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь на мытную тэрыторыю дзяржаў —удзельнiц Дагавора аб Мытным саюзе i Адзiнай эканамiчнай прасторы ад 26 лютага 1999 года алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту, перамяшчэнне па яе тэрыторыi, захоўванне на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь указаных прадукцыi i спiрту, прызначаных для вывазу з мытнай тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, ажыццяўляюцца па суправаджальных дакументах устаноўленага ўзору, якiя маркiраваны кантрольнымi знакамi ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Патрабаваннi часткi трэцяй гэтага пункта не распаўсюджваюцца на вываз алкагольных напояў, маркiраваных iх вытворцам у адпаведнасцi з патрабаваннямi заканадаўства краiны прызначэння.

2. Умовай набыцця кантрольных знакаў з’яўляецца ўнясенне грашовых сродкаў у рэспублiканскi бюджэт альбо прадастаўленне ў падатковыя органы банкаўскай гарантыi.

Грашовыя сродкi, унесеныя ў адпаведнасцi з часткай першай гэтага пункта, падлягаюць залiчэнню ў лiк выплаты падаткаў, збораў (пошлiн), пенi або падлягаюць вяртанню на рахунак юрыдычнай асобы альбо iндывiдуальнага прадпрымальнiка.

Памер грашовых сродкаў, якiя падлягаюць унясенню ў рэспублiканскi бюджэт, парадак iх унясення, а таксама парадак прадастаўлення банкаўскай гарантыi i выканання абавязацельстваў па ёй устанаўлiваюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

3. Парадак рэалiзацыi, улiку, выкарыстання, гашэння, вяртання i знiшчэння ўказаных кантрольных знакаў, маркiроўкi iмi суправаджальных дакументаў вызначаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Узоры кантрольных знакаў зацвярджаюцца Мiнiстэрствам фiнансаў Рэспублiкi Беларусь па ўзгадненнi з Мiнiстэрствам па падатках i зборах Рэспублiкi Беларусь.

Кошт кантрольных знакаў устанаўлiваецца Мiнiстэрствам фiнансаў Рэспублiкi Беларусь па ўзгадненнi з Мiнiстэрствам эканомiкi Рэспублiкi Беларусь i адносiцца на сабекошт алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту, а таксама ўключаецца ў затраты па вытворчасцi i рэалiзацыi прадукцыi, тавараў (работ, паслуг), прыбыткi, якiя ўлiчваюцца пры падаткаабкладаннi.

Кошт кантрольных знакаў, нявыкарыстаных i вернутых органам, якiя iх выдалi, вяртаецца юрыдычным асобам i iндывiдуальным прадпрымальнiкам.

Кошт пашкоджаных кантрольных знакаў вяртанню не падлягае.

Мiнiстэрства фiнансаў Рэспублiкi Беларусь сумесна з Мiнiстэрствам па падатках i зборах Рэспублiкi Беларусь забяспечвае арганiзацыю вырабу i рэалiзацыi кантрольных знакаў.

Фiнансаванне вырабу кантрольных знакаў ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту, прадугледжаных на гэтыя мэты.

Артыкул 23. Абавязковае суправаджэнне алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту

1. Падлягае абавязковаму суправаджэнню ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь парадку падраздзяленнямi Дэпартамента аховы Мiнiстэрства ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь (пры перамяшчэннi аўтамабiльным транспартам) або ваенiзаванай аховай Беларускай чыгункi (пры перамяшчэннi чыгуначным транспартам) алкагольная, нехарчовая спiртазмяшчальная прадукцыя i нехарчовы этылавы спiрт:

якiя ўвезены на мытную тэрыторыю Рэспублiкi Беларусь з мытнай тэрыторыi дзяржаў —удзельнiц Дагавора аб Мытным саюзе i Адзiнай эканамiчнай прасторы ад 26 лютага 1999 года i перамяшчаюцца па тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь;

якiя прызначаны для вывазу з мытнай тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь на мытную тэрыторыю дзяржаў — удзельнiц Дагавора аб Мытным саюзе i Адзiнай эканамiчнай прасторы ад 26 лютага 1999 года i перамяшчаюцца па тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь;

якiя перамяшчаюцца транзiтам цераз мытную тэрыторыю Рэспублiкi Беларусь.

Патрабаваннi часткi першай гэтага пункта не распаўсюджваюцца на ўвезеныя алкагольныя напоi, прамаркiраваныя акцызнымi маркамi, i iншыя выпадкi перамяшчэння алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту, якiя вызначаюцца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь або па яго даручэннi Урадам Рэспублiкi Беларусь.

Пералiк тавараў з указаннем кода Таварнай наменклатуры знешнеэканамiчнай дзейнасцi Рэспублiкi Беларусь, якiя адносяцца да нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту i падлягаюць абавязковаму суправаджэнню, зацвярджаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь па ўзгадненнi з Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.

2. Падлягаюць абавязковаму суправаджэнню ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь парадку падраздзяленнямi Дэпартамента аховы Мiнiстэрства ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь спiрт этылавы рэктыфiкаваны тэхнiчны, спiрт этылавы дэнатураваны, якi атрымлiваецца з харчовай або нехарчовай сыравiны, якiя выраблены на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, перамяшчаюцца аўтамабiльным транспартам па тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь у колькасцi больш як 100 дэкалiтраў.

Глава 8

Патрабаваннi да аптовага гандлю алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыяй i нехарчовым этылавым спiртам

Артыкул 24. Умовы аптовага продажу i набыцця алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту

1. Аптовы продаж алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту ажыццяўляецца толькi асобам, якiя маюць на падставе адпаведных спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй) права на вытворчасць альбо аптовы або рознiчны гандаль гэтымi прадукцыяй i спiртам, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных гэтым артыкулам.

2. Юрыдычныя асобы i iндывiдуальныя прадпрымальнiкi, якiя выкарыстоўваюць алкагольныя напоi або састаўныя спiртовыя паўфабрыкаты для вытворчасцi напояў пры вырабе ўласнай харчовай прадукцыi (за выключэннем вытворчасцi iншых алкагольных напояў), могуць набываць указаныя напоi i паўфабрыкаты без спецыяльнага дазволу (лiцэнзii) на абарот алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту.

Юрыдычныя асобы, якiя ажыццяўляюць вытворчасць алкагольных напояў на падставе спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй) на вытворчасць алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi, нехарчовага этылавага спiрту i выкарыстоўваюць састаўныя спiртовыя паўфабрыкаты для вытворчасцi алкагольных напояў, могуць набываць указаныя паўфабрыкаты без спецыяльнага дазволу (лiцэнзii) на абарот алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту.

Юрыдычныя асобы i iндывiдуальныя прадпрымальнiкi, якiя выкарыстоўваюць нехарчовую спiртазмяшчальную прадукцыю для ўласнай вытворчасцi i (або) спажывання, могуць набываць дадзеную прадукцыю без спецыяльнага дазволу (лiцэнзii) на абарот алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту.

3. Аптовая купля алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту ажыццяўляецца толькi ў асобаў, якiя маюць на падставе адпаведных спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй) права на вытворчасць, альбо iмпарт, альбо аптовы гандаль гэтымi прадукцыяй i спiртам, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных гэтым артыкулам.

4. На тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь аптовы продаж этылавага спiрту, якi адносiцца да алкагольнай прадукцыi, ажыццяўляецца толькi:

юрыдычным асобам па пералiку, якi вызначаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, пры наяўнасцi ў такiх асобаў спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй) на фармацэўтычную або ветэрынарную дзейнасць для наступнага продажу ўказанага спiрту арганiзацыям аховы здароўя, ветэрынарным i сельскагаспадарчым арганiзацыям, iндывiдуальным прадпрымальнiкам, якiя маюць спецыяльныя дазволы (лiцэнзii) на медыцынскую, фармацэўтычную i ветэрынарную дзейнасць, для выкарыстання на медыцынскiя, фармацэўтычныя, ветэрынарныя мэты, а таксама арганiзацыям для выкарыстання на племянныя мэты ў жывёлагадоўлi;

у аптэчную сетку для рознiчнага гандлю па рэцэптах фiзiчным асобам, якiя выкарыстоўваюць гэты спiрт на медыцынскiя мэты;

юрыдычным асобам, якiя ажыццяўляюць медыцынскую, фармацэўтычную i ветэрынарную дзейнасць i выкарыстоўваюць гэты спiрт на медыцынскiя, фармацэўтычныя i ветэрынарныя мэты;

юрыдычным асобам i iндывiдуальным прадпрымальнiкам, якiя выкарыстоўваюць такi спiрт пры вытворчасцi прадукцыi i абслугоўваннi прыбораў i абсталявання, калi гэта прадугледжана нарматыўна-тэхнiчнай i тэхналагiчнай дакументацыяй;

юрыдычным асобам, якiя маюць права на вытворчасць алкагольнай прадукцыi на падставе адпаведнага спецыяльнага дазволу (лiцэнзii).

Артыкул 25. Парадак разлiкаў пры аптовым гандлi алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыяй i нехарчовым этылавым спiртам

1. Пры аптовым гандлi алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыяй i нехарчовым этылавым спiртам разлiкi ажыццяўляюцца на падставе двухбаковых дагавораў толькi праз рахункi ўдзельнiкаў здзелак, за выключэннем здзелак, пры якiх за пастаўленыя алкагольную, нехарчовую спiртазмяшчальную прадукцыю i нехарчовы этылавы спiрт разлiчваюцца з рахункаў банкаў i нябанкаўскiх крэдытна-фiнансавых арганiзацый, на якiх знаходзяцца грашовыя сродкi, прадстаўленыя гэтымi банкамi або нябанкаўскiмi крэдытна-фiнансавымi арганiзацыямi ў якасцi крэдыту пакупнiку гэтых прадукцыi i спiрту, а таксама з рахункаў органаў дзяржаўнага казначэйства.

Па прадукцыi i спiрце, указаных у частцы першай гэтага пункта, забараняюцца здзелкi, якiя прадугледжваюць уступку патрабавання, перавод доўгу, мену, аплату праз выдачу або перадачу каштоўнай паперы, адступнога, спынення абавязацельстваў залiкам i навацыяй, за выключэннем здзелак мены, якiя ажыццяўляюцца вытворцамi гэтых прадукцыi i спiрту ў лiк аплаты паставак сыравiны, энергарэсурсаў, абаротнай тары па ўзгадненнi з Мiнiстэрствам па падатках i зборах Рэспублiкi Беларусь.

2. Дапускаецца спыненне абавязацельстваў па аплаце пастаўленых алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту пры правядзеннi ўзаемазалiкаў падаткаў, збораў (пошлiн), якiя падлягаюць выплаце плацельшчыкам —пастаўшчыком гэтых прадукцыi i спiрту, i фiнансавых абавязацельстваў рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання, мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў, бюджэтных арганiзацый, якiя знаходзяцца ў iх распараджэннi альбо падпарадкаваннi, а таксама iншых распарадчыкаў (атрымальнiкаў) бюджэтных сродкаў, якiя падлягаюць аплаце за кошт сродкаў бюджэту, перад гэтым плацельшчыкам (iншай абавязанай асобай).

3. У выпадку аптовага гандлю камiсiянерам, павераным, iншай асобай, якiя дзейнiчаюць на падставе дагавораў камiсii, даручэння, iншых аналагiчных дагавораў, грашовыя сродкi, атрыманыя ўказанымi асобамi ад пакупнiкоў алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту, падлягаюць пералiчэнню на бягучыя (разлiковыя) рахункi камiтэнта, давернiка, iншай асобы, у iнтарэсах якiх дзейнiчалi камiсiянер, павераны, iншая асоба на падставе дагавораў камiсii, даручэння, iншых аналагiчных дагавораў.

Глава 9

Парадак водпуску i атрымання этылавага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны, этылавага рэктыфiкаванага тэхнiчнага спiрту i этылавага дэнатураванага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай i нехарчовай сыравiны

Артыкул 26. Водпуск i атрыманне этылавага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны, этылавага рэктыфiкаванага тэхнiчнага спiрту i этылавага дэнатураванага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай або нехарчовай сыравiны

1. Водпуск этылавага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны, ажыццяўляецца яго вытворцамi па нарадах, якiя выдаюцца Беларускiм дзяржаўным канцэрнам харчовай прамысловасцi "Белдзяржхарчпрам" (далей — канцэрн "Белдзяржхарчпрам").

Водпуск этылавага рэктыфiкаванага тэхнiчнага спiрту i этылавага дэнатураванага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай або нехарчовай сыравiны, ажыццяўляецца яго вытворцамi па нарадах, якiя выдаюцца Беларускiм дзяржаўным канцэрнам па вытворчасцi i рэалiзацыi фармацэўтычнай i мiкрабiялагiчнай прадукцыi (далей — канцэрн "Белбiяфарм").

2. Атрыманне спiрту, указанага ў пункце 1 гэтага артыкула, ажыццяўляецца на падставе копiй нарадаў на яго водпуск. Парадак выдачы нарадаў на водпуск этылавага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны, этылавага рэктыфiкаванага тэхнiчнага спiрту i этылавага дэнатураванага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай або нехарчовай сыравiны, вызначаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Формы нарадаў зацвярджаюцца Мiнiстэрствам па падатках i зборах Рэспублiкi Беларусь. Бланкi нарадаў з’яўляюцца бланкамi строгай справаздачнасцi.

Артыкул 27. Выдача нарадаў на водпуск этылавага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны, этылавага рэктыфiкаванага тэхнiчнага спiрту i этылавага дэнатураванага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай або нехарчовай сыравiны

1. Канцэрн "Белдзяржхарчпрам" выдае нарады на водпуск этылавага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны, вытворцам гэтага спiрту на падставе заяў:

рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання (упаўнаважаных iмi дзяржаўных арганiзацый) i iншых дзяржаўных арганiзацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублiкi Беларусь, якiя ў адпаведнасцi з выдадзенымi нарадамi размяркоўваюць прадугледжаныя ў iх аб’ёмы этылавага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны, памiж юрыдычнымi асобамi, якiя знаходзяцца ў iх распараджэннi або ўваходзяць у iх склад, а таксама арганiзацыямi i iндывiдуальнымi прадпрымальнiкамi, указанымi ў абзацы другiм пункта 4 артыкула 24 гэтага Закона, з улiкам прадстаўленых заявак i даводзяць iм гэтыя аб’ёмы сваiмi разнарадкамi;

абласных арганiзацый харчовай прамысловасцi, якiя ў адпаведнасцi з выдадзенымi нарадамi размяркоўваюць устаноўленыя аб’ёмы этылавага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны, памiж юрыдычнымi асобамi, маёмасць (доля, акцыi) якiх знаходзiцца ва ўласнасцi адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак, з улiкам прадстаўленых iмi заявак i даводзяць iм гэтыя аб’ёмы сваiмi разнарадкамi;

iншых юрыдычных асобаў, не ўказаных у абзацах другiм i трэцiм гэтай часткi, а таксама iндывiдуальных прадпрымальнiкаў — атрымальнiкаў этылавага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны.

Канцэрн "Белдзяржхарчпрам" па ўзгадненнi з рэспублiканскiм органам дзяржаўнага кiравання (упаўнаважанай iм дзяржаўнай арганiзацыяй), iншай дзяржаўнай арганiзацыяй, падпарадкаванай Ураду Рэспублiкi Беларусь, i абласной арганiзацыяй харчовай прамысловасцi мае права выдаваць нарады на водпуск этылавага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны, непасрэдна юрыдычным асобам — атрымальнiкам гэтага спiрту, указаным у абзацах другiм i трэцiм часткi першай гэтага пункта.

2. Канцэрн "Белбiяфарм" выдае нарады на водпуск этылавага рэктыфiкаванага тэхнiчнага спiрту i этылавага дэнатураванага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай або нехарчовай сыравiны, яго вытворцам на падставе заяў:

юрыдычных асобаў i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, якiя выкарыстоўваюць этылавы рэктыфiкаваны тэхнiчны спiрт i этылавы дэнатураваны спiрт, якi атрымлiваецца з харчовай або нехарчовай сыравiны, для ўласных патрэб;

юрыдычных асобаў, якiя ўваходзяць у склад Дзяржаўнага гандлёва-вытворчага аб’яднання "Белрэсурсы", для водпуску этылавага рэктыфiкаванага тэхнiчнага спiрту i этылавага дэнатураванага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай або нехарчовай сыравiны:

па нарадах юрыдычным асобам i iндывiдуальным прадпрымальнiкам;

па заявах юрыдычных асобаў i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, гадавая патрэбнасць якiх у спiрце не перавышае 10 дэкалiтраў.

3. Рашэнне аб выдачы нарадаў на водпуск этылавага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны, этылавага рэктыфiкаванага тэхнiчнага спiрту i этылавага дэнатураванага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай або нехарчовай сыравiны, альбо аб адмове ў iх выдачы павiнна быць прынята на працягу дзесяцi рабочых дзён з даты паступлення ў адпаведны канцэрн заявы i неабходных дакументаў. Пры запатрабаваннi дадатковай iнфармацыi тэрмiн прыняцця рашэння аб выдачы нарада можа быць прадоўжаны да пяцi рабочых дзён.

4. Падставамi для адмовы ў выдачы нараду на водпуск этылавага спiрту з’яўляюцца:

няправiльнае афармленне дакументаў або прадстаўленне iх у няпоўным аб’ёме;

прадстаўленне няпоўнай або недакладнай iнфармацыi.

5. Паслугi па афармленнi i выдачы нарадаў на водпуск этылавага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны, этылавага рэктыфiкаванага тэхнiчнага спiрту i этылавага дэнатураванага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай або нехарчовай сыравiны, аплачваюцца па тарыфах, якiя зацвярджаюцца канцэрнамi "Белдзяржхарчпрам" i "Белбiяфарм" па ўзгадненнi з Мiнiстэрствам эканомiкi Рэспублiкi Беларусь.

6. Нарады на водпуск этылавага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны, этылавага рэктыфiкаванага тэхнiчнага спiрту i этылавага дэнатураванага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай або нехарчовай сыравiны, выдаюцца не больш чым на адзiн год, сапраўдныя на працягу ўказаных у iх тэрмiнаў i не падлягаюць адтэрмiноўцы.

7. Адказнасць за дакладнасць звестак, якiя змяшчаюцца ў дакументах на атрыманне нарадаў на водпуск этылавага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны, этылавага рэктыфiкаванага тэхнiчнага спiрту i этылавага дэнатураванага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай або нехарчовай сыравiны, нясуць атрымальнiкi гэтага спiрту.

Артыкул 28. Прыпыненне, аднаўленне дзеяння нарадаў на водпуск этылавага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны, этылавага рэктыфiкаванага тэхнiчнага спiрту i этылавага дэнатураванага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай або нехарчовай сыравiны, i ануляванне гэтых нарадаў

1. Дзеянне нарадаў на водпуск этылавага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны, этылавага рэктыфiкаванага тэхнiчнага спiрту i этылавага дэнатураванага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай або нехарчовай сыравiны, прыпыняецца адпаведным канцэрнам у выпадку:

выяўлення недакладных даных у дакументах, прадстаўленых для атрымання нараду;

прыпынення дзеяння спецыяльнага дазволу (лiцэнзii) на ажыццяўленне адпаведнага вiду дзейнасцi.

Дзеянне нараду аднаўляецца пасля лiквiдацыi прычын яго прыпынення i пiсьмовага паведамлення аб гэтым адпаведнаму канцэрну, якiм на працягу пяцi рабочых дзён з даты паступлення ўказанага паведамлення павiнна быць прынята рашэнне аб аднаўленнi дзеяння нараду.

2. Нарады на водпуск этылавага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны, этылавага рэктыфiкаванага тэхнiчнага спiрту i этылавага дэнатураванага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай або нехарчовай сыравiны, могуць быць ануляваны ў выпадку:

анулявання спецыяльнага дазволу (лiцэнзii) на ажыццяўленне адпаведнага вiду дзейнасцi;

выяўлення заведама скажоных даных у дакументах, прадстаўленых для атрымання нараду.

3. Iнфармацыя аб прыпыненнi, аднаўленнi дзеяння нарадаў на водпуск, iх ануляваннi накiроўваецца вытворцам этылавага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны, этылавага рэктыфiкаванага тэхнiчнага спiрту i этылавага дэнатураванага спiрту, якi атрымлiваецца з харчовай або нехарчовай сыравiны, i iх атрымальнiкам, а па этылавым спiрце, якi атрымлiваецца з харчовай сыравiны, — таксама ў Мiнiстэрства па падатках i зборах Рэспублiкi Беларусь не пазней чым праз тры рабочыя днi з даты прыняцця адпаведнага рашэння.   Глава 10

Парадак вытворчасцi, улiку арыгiнальных алкагольных напояў i гандлю iмi

Артыкул 29. Агульныя палажэннi аб парадку вытворчасцi, улiку арыгiнальных алкагольных напояў i гандлю iмi

1. Гэтай главой устаноўлены парадак вытворчасцi, улiку арыгiнальных алкагольных напояў i гандлю iмi.

2. Палажэннi главы 4—9 гэтага Закона не распаўсюджваюцца на вытворчасць, улiк арыгiнальных алкагольных напояў i гандаль iмi ў культурна-этнаграфiчных цэнтрах, нацыянальных парках i запаведнiках, iншых аб’ектах Рэспублiкi Беларусь у мэтах аднаўлення паўнаты беларускiх нацыянальных традыцый.Артыкул 30. Парадак вытворчасцi арыгiнальных алкагольных напояў

 

1. Вытворчасць арыгiнальных алкагольных напояў ажыццяўляецца юрыдычнымi асобамi па пералiку, зацверджаным Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь па ўзгадненнi з Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.

2. Арыгiнальныя алкагольныя напоi вырабляюцца з натуральнай зерневай i раслiннай сыравiны па народных рэцэптах у адпаведнасцi з тэхнiчнымi нарматыўнымi прававымi актамi ў галiне тэхнiчнага нармавання i стандартызацыi, тэхналагiчнымi дакументамi, узгодненымi i зацверджанымi ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

3. Для вытворчасцi арыгiнальных алкагольных напояў патрэбны наступныя дакументы:

тэхнiчны нарматыўны прававы акт у галiне тэхнiчнага нармавання i стандартызацыi на арыгiнальны алкагольны напой;

пасведчанне аб дзяржаўнай гiгiенiчнай рэгiстрацыi абсталявання, на якiм мяркуецца ажыццяўляць вытворчасць;

пасведчанне аб дзяржаўнай гiгiенiчнай рэгiстрацыi арыгiнальнага алкагольнага напою;

сертыфiкат адпаведнасцi Нацыянальнай сiстэмы пацвярджэння адпаведнасцi Рэспублiкi Беларусь;

заключэнне адпаведнага тэрытарыяльнага органа дзяржаўнага санiтарнага нагляду аб адпаведнасцi абсталявання i ўстройства памяшканняў, у якiх прадугледжваецца вытворчасць арыгiнальных алкагольных напояў, iнжынерных камунiкацый, тэхналагiчнай лiнii санiтарным нормам i правiлам;

заключэнне органа дзяржаўнага пажарнага нагляду Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях Рэспублiкi Беларусь аб адпаведнасцi вытворчасцi, на якой мяркуецца выпуск арыгiнальных алкагольных напояў, патрабаванням процiпажарнага нармавання i стандартызацыi, выкладзеным у тэхнiчных нарматыўных прававых актах;

заключэнне органа дзяржаўнага тэхнiчнага нагляду Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях Рэспублiкi Беларусь аб адпаведнасцi вытворчасцi, на якой намячаецца выпуск арыгiнальных алкагольных напояў, патрабаванням прамысловай бяспекi.Артыкул 31. Парадак улiку арыгiнальных алкагольных напояў, якiя вырабляюцца

 

Улiк арыгiнальных алкагольных напояў, якiя вырабляюцца, вядзецца з дапамогай сродкаў вымярэнняў аб’ёму або прыбораў улiку, якiя павiнны быць унесены ў Дзяржаўны рэестр сродкаў вымярэнняў Рэспублiкi Беларусь альбо прайсцi метралагiчную атэстацыю.Артыкул 32. Парадак гандлю арыгiнальнымi алкагольнымi напоямi

 

1. Гандаль арыгiнальнымi алкагольнымi напоямi дазваляецца толькi на тэрыторыi культурна-этнаграфiчных цэнтраў, нацыянальных паркаў i запаведнiкаў, iншых аб’ектаў Рэспублiкi Беларусь, на якой яны выраблены.

2. Цэны на арыгiнальныя алкагольныя напоi ўстанаўлiваюцца Мiнiстэрствам эканомiкi Рэспублiкi Беларусь па прадстаўленнi юрыдычнай асобы, якая ажыццяўляе iх вытворчасць.Глава 11

Дэклараванне аб’ёмаў вытворчасцi i абароту алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту. Дзяржаўны кантроль за выкананнем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у галiне вытворчасцi i абароту алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту i адказнасць за яго парушэнне

Артыкул 33. Дэклараванне аб’ёмаў вытворчасцi i абароту алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту

1. Юрыдычныя асобы, якiя ажыццяўляюць вытворчасць, iмпарт алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi, нехарчовага этылавага спiрту i аптовы гандаль iмi, дэкларуюць аб’ёмы вытворчасцi i абароту ўказаных прадукцыi i спiрту.

Юрыдычныя асобы, якiя ажыццяўляюць вытворчасць алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту, дэкларуюць аб’ёмы вырабленых, выкарыстаных, рэалiзаваных, экспартаваных, iмпартаваных, нерэалiзаваных i нявыкарыстаных алкагольнай прадукцыi (за выключэннем састаўных спiртовых паўфабрыкатаў для вытворчасцi напояў), нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту.

Юрыдычныя асобы, якiя ажыццяўляюць iмпарт i (або) аптовы гандаль алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыяй i нехарчовым этылавым спiртам, дэкларуюць аб’ёмы iмпартаваных i (або) паступiўшых, экспартаваных i нерэалiзаваных гэтых прадукцыi i спiрту.

Патрабаванне гэтага пункта не распаўсюджваецца на юрыдычныя асобы, якiя ажыццяўляюць аптэчны выраб антысептычных лекавых сродкаў.

2. Індывiдуальныя прадпрымальнiкi, якiя ажыццяўляюць iмпарт нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi, расфасаванай у спажывецкую тару (упакоўку) ёмiстасцю не больш за 1 лiтр (масай не больш за 1 кiлаграм), дэкларуюць аб’ёмы iмпартаванай i нерэалiзаванай прадукцыi.

3. Дэкларацыi запаўняюцца па вынiках работы за квартал нарастаючым падрахункам i за год i прадстаўляюцца да 10-га чысла месяца, якi iдзе за справаздачным кварталам.

Формы дэкларацый зацвярджаюцца Мiнiстэрствам па падатках i зборах Рэспублiкi Беларусь.

4. Юрыдычныя асобы, якiя ажыццяўляюць вытворчасць алкагольнай прадукцыi, прадстаўляюць дэкларацыi ў iнспекцыi МПЗ i канцэрн "Белдзяржхарчпрам".

Юрыдычныя асобы, якiя ажыццяўляюць вытворчасць нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту, прадстаўляюць дэкларацыi ў iнспекцыi МПЗ i канцэрн "Белбiяфарм".

Юрыдычныя асобы, якiя ажыццяўляюць iмпарт i аптовы гандаль алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыяй, нехарчовым этылавым спiртам, i iндывiдуальныя прадпрымальнiкi, якiя ажыццяўляюць iмпарт нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi, расфасаванай у спажывецкую тару (упакоўку) ёмiстасцю не больш за 1 лiтр (масай не больш за 1 кiлаграм), прадстаўляюць дэкларацыi ў iнспекцыi МПЗ.

5. Юрыдычныя асобы, якiя ажыццяўляюць вытворчасць i iмпарт алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту, абавязаны прадстаўляць балансы вытворчасцi i iмпарту названых прадукцыi i спiрту ў адпаведныя iнспекцыi Мiнiстэрства па падатках i зборах па абласцях i г. Мiнску да 10-га чысла месяца, якi iдзе за справаздачным, у тым лiку:

баланс вытворчасцi алкагольнай прадукцыi i яе абароту на ўнутраным рынку;

баланс вытворчасцi нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi, нехарчовага этылавага спiрту i iх абароту на ўнутраным рынку.

Балансы складаюцца штомесяц нарастаючым падрахункам з пачатку года.

У балансах указваюцца аб’ёмы вырабленых, iмпартаваных, рэалiзаваных, нерэалiзаваных i нявыкарыстаных алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту, а таксама iх страты ў працэсе вытворчасцi.Артыкул 34. Дзяржаўны кантроль у галiне вытворчасцi i абароту алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту

 

Дзяржаўны кантроль у галiне вытворчасцi i абароту алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту ажыццяўляюць дзяржаўныя органы ў адпаведнасцi з iх кампетэнцыяй.Артыкул 35. Адказнасць за парушэнне заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у галiне вытворчасцi i абароту алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту

 

Асобы, вiнаватыя ў парушэннi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у галiне вытворчасцi i абароту алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту, нясуць адказнасць у адпаведнасцi з заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.Глава 12

Заключныя палажэннi

Артыкул 36. Прызнанне страцiўшымi сiлу некаторых законаў Рэспублiкi Беларусь

У сувязi з прыняццем гэтага Закона прызнаць страцiўшымi сiлу:

Закон Рэспублiкi Беларусь ад 20 лiпеня 1998 года "Аб дзяржаўным рэгуляваннi вытворчасцi i абароту алкагольнай прадукцыi" (Ведамасцi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, 1998 г., № 31—32, ст. 471);

Закон Рэспублiкi Беларусь ад 22 чэрвеня 2001 года "Аб унясеннi змяненняў i дапаўнення ў некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублiкi Беларусь па пытаннях арганiзацыi i правядзення масавых мерапрыемстваў" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2001 г., № 63, 2/781);

Закон Рэспублiкi Беларусь ад 8 мая 2002 года "Аб унясеннi змяненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб дзяржаўным рэгуляваннi вытворчасцi i абароту алкагольнай прадукцыi" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2002 г., № 62, 2/852);

Закон Рэспублiкi Беларусь ад 19 лiпеня 2005 года "Аб унясеннi дапаўненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб дзяржаўным рэгуляваннi вытворчасцi i абароту алкагольнай прадукцыi" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2005 г., № 120, 2/1130).Артыкул 37. Прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам

 

Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь у шасцiмесячны тэрмiн з дня афiцыйнага апублiкавання гэтага Закона:

забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць iншыя меры, неабходныя для рэалiзацыi палажэнняў гэтага Закона.Артыкул 38. Уступленне ў сiлу гэтага Закона

 

Гэты Закон уступае ў сiлу праз шэсць месяцаў пасля яго афiцыйнага апублiкавання, за выключэннем гэтага артыкула i артыкула 37, якiя ўступаюць у сiлу з дня афiцыйнага апублiкавання гэтага Закона.     Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А. Лукашэнка

 

27 жнiўня 2008 года, г. Мiнск.

№ 429—З

* Абзац адзiнаццаты падпункта 1.14 пункта 1 артыкула 11 Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб дзяржаўным рэгуляваннi вытворчасцi i абароту алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту" не ўступiў у сiлу ў адпаведнасцi з часткай восьмай артыкула 100 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб дзяржаўным рэгуляваннi вытворчасцi i абароту алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика