21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Пра тое, аб чым помнiцца...

26.08.2009 10:29 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пра тое, аб чым помнiцца...

Неўзабаве Саюз журналістаў Беларусі адзначыць свой 50-гадовы юбілей.

Першым старшынёй праўлення Саюза журналiстаў БССР быў абраны Фёдар Ягоравiч Кляцкоў. Даваенны журналiст, франтавiк, дырэктар БелТА. У журналiсцкiм асяродку карыстаўся павагай.

Пры Саюзе журналiстаў рэспублiкi праз нейкi час стварылi студыю "Фота i жыццё", сталi выдаваць рознага роду альбомы — пра герояў вайны i працы, вядомых беларускiх дзеячаў, безумоўна, "хадавую" лiтаратуру прапагандысцкага плана. Напрыклад, пра беларускiя пяцiгодкi, нават аб агрэсiўнасцi палiтыкi НАТА. А наша журналiсцкая студыя стала зарабляць грошы. Можна было больш актыўна брацца за ажыццяўленнне задуманай i падтрымлiваемай кiраўнiцтвам iдэi стварэння планавай падрыхтоўкi i перападрыхтоўкi журналiсцкiх кадраў у рэспублiцы. Настойлiва, паступова ў рэспублiцы складвалася пэўная сiстэма падрыхтоўкi i перападрыхтоўкi журналiсцкiх кадраў. Аддзяленне журналiстыкi БДУ было пераўтворана ў факультэт журналiстыкi. На базе Мiнскай вышэйшай школы пры ЦК КПБ былi арганiзаваны месячныя курсы рэдактараў раённых, аб’яднаных i шматтыражных газет. Пачалася практыка загадчыкаў аддзелаў раённых i аб’яднаных газет пры рэдакцыях вядучых рэспублiканскiх газет, а лiтаратурных супрацоўнiкаў — пры рэдакцыях абласных газет. У аддзеле прапаганды i агiтацыi ЦК КПБ аналiзавалiся штогадовыя планы абкамаў партыi, Саюза журналiстаў па арганiзацыi журналiсцкай вучобы. Яны ахоплiвалi ў сваёй аснове ўсе журналiсцкiя прафесii — ад лiтаратурнага супрацоўнiка да фотакарэспандэнта.

Асаблiвая ўвага надавалася семiнарам па спецыялiзацыi журналiсцкага майстэрства. Аднойчы мы сабралi ў Гродне ўсiх журналiстаў рэспублiкi, якiя пiшуць на сельскагаспадарчыя тэмы. Гродзенская вобласць тады лiдзiравала ў развiццi сельскагаспадарчай вытворчасцi. Перад журналiстамi выступiў сакратар Гродзенскага абкама партыi па сялу Гордзiкаў, вядомы на ўсю рэспублiку энтузiяст сваёй справы. А потым на некалькiх аўтобусах семiнар скiраваўся ў напрамку Мiнска, заязджаючы на пэўныя сельскагаспадарчыя аб’екты — перадавыя калгасы i саўгасы, фермы. З iх кiраўнiкамi было дамоўлена аб тых сустрэчах, каб не з трыбуны, а наглядна, на месцы, у полi i на ферме весцi зацiкаўленую размову. Такая паездка заняла ўвесь тыдзень. Семiнар закончыўся гутаркай з сакратаром ЦК КПБ па сельскай гаспадарцы Уладзiмiрам Мiцкевiчам. Кожны з удзельнiкаў семiнара абавязваўся выступiць у сваiм выданнi з публiкацыяй на тэму, якая больш за ўсё пераканала.

Нашай работай у гэтым кiрунку зацiкавiлiся ў ЦК КПСС. У сектары газет адбылася нарада на якой з паведамленнямi выступiў прадстаўнiк Ленiнградскага абкама партыi i ад Беларусi — я, загадчык сектара друку, выдавецтваў i палiграфii, як тады афiцыйна значылася мая пасада. Ленiнградзец больш "нацiскаў" на тэорыю i будучыя планы, я ж — на канкрэтыку, на тое, што ўжо зроблена ў рэспублiцы, спасылаючыся на пэўную сiстэму ў гэтай рабоце, якая была абазначана ў двух пастановах ЦК КПБ: "Аб паляпшэннi падрыхтоўкi журналiстаў i палiграфiстаў у рэспублiцы" i "Аб арганiзацыi перападрыхтоўкi журналiстаў мясцовага друку". А ў давяршэнне паведамiў, што ЦК КПБ i Савет Мiнiстраў устанавiлi Дзяржаўную прэмiю па журналiстыцы, лепшым журналiстам прысвойваецца ганаровае званне "Заслужаны дзеяч культуры БССР", якое потым было заменена на званне "Заслужаны работнiк культуры БССР".

Вопыт нашай работы ў Беларусi ў гэтым накiрунку стаў прапагандавацца ў цэнтральнай прэсе. Спачатку я выступiў з артыкулам на гэту тэму ў часопiсе "Советская печать", якi рэдагаваў Падкуркаў. А потым па просьбе рэдактара часопiса "Журналист" Ягора Якаўлева падрыхтаваў артыкул, адным з аўтараў якога я яшчэ дабавiў старшыню праўлення Саюза журналiстаў БССР Фёдара Кляцкова. Бо найпершым абавязкам гэтай арганiзацыi i з’яўляўся самы актыўны ўдзел у вучобе журналiсцкiх кадраў, у тым лiку ў яе фiнансаваннi.

У Пятра Мiронавiча, якi замянiў на пасадзе першага сакратара ЦК КПБ К.Т. Мазурава, якраз пачыналася зорная гадзiна. Эканомiка ў рэспублiцы па сваiх вынiках прагрэсавала. Вялося будаўнiцтва многiх прадпрыемстваў з вялiкай будучыняй, актывiзавалася навука. А галоўнае — П.М. Машэраў, падлiчаўшы магчымасцi, смела павёў рэй на круты ўздым усiх галiн сельскай гаспадаркi, на ўзбуйненне жывёлагадоўчых фермаў, на атрыманне на нашых, раней неўрадлiвых глебах, па 30—40 цэнтнераў збожжа з гектара. А чаму б i не: мiнеральныя ўгнаеннi — свае, арганiчных таксама хапае, трактары, аўтамабiлi — свае, вучоныя-сельгаснiкi — свае. І добра дысцыплiнаваныя кадры, "адшлiфоўку" якiх пачынаў Кiрыла Трафiмавiч Мазураў, а працягваў Машэраў. Ён бачыў, як хто працуе, i сам паказваў прыклад. Працаваць Машэраў, усiм вядома, любiў.

I жыццё вiравала. Так, менавіта вiравала. Рэспублiка нагадвала агромнiстую будоўлю, з кожным днём мяняючы сваё аблiчча. Край станавiўся iндустрыяльным, абыходзiў сваiх суседзяў па ўраджайнасцi калгасных палёў, пераводзiў таксама на iндустрыяльную аснову i жывёлагадоўлю. Шчыра хацелася ўдзельнiчаць у такiм стваральным рытме. Машэраў праводзiў iнспектарскiя агледзiны па абласцях. Такiя наведваннi не нагадвалi славутыя пацёмкiнскiя вёскi. Гэта была вучоба. Спрацоўвала народная мудрасць: iдзi i глядзi. Лепей адзiн раз убачыць, чым сто разоў пачуць.

Праўленне Саюза журналiстаў БССР арганiзоўвала конкурсы рэдакцый на лепшае асвятленне розных гаспадарчых кампанiй, у тым лiку i шэфскай работы. "Звязда" неаднаразова выходзiла пераможцай у гэтых конкурсах. Мне як рэдактару падабалася адчуваць сябе маючым дачыненне да такой стваральнай працы, як гаварылася тады, зноў быць на першай лiнii змагання.

...Тэлефанаваў вiцэ-прэзiдэнт Акадэмii навук Беларусi Уладзiмiр Аляксеевiч Белы: "У Гомелi распачата будаўнiцтва цэха па выпуску вырабаў з дрэвашклапластыку. Хачу павiншаваць i газету з гэтым поспехам" А перадгiсторыя гэтаму званку такая. Некалькi гадоў таму ў рэдакцыю "Звязды" звярнуўся той жа Белы, якi тады працаваў дырэктарам акадэмiчнага iнстытута металапалiмерных сiстэм. "У нас ёсць цiкавая распрацоўка, але шырокае ўкараненне яе зацягваецца. Цi можа "Звязда" дапамагчы вучоным?" У Гомель выехаў наш карэспандэнт. Высветлiлася, што супрацоўнiкамi iнстытута створаны новы матэрыял — дрэвашклапластык, якi шмат дзе можа замянiць метал. Мiж тым вырабляецца ён з адходаў дрэваапрацоўчай i хiмiчнай прамысловасцi. Аднак меснiцкi падыход тармазiў укараненне навiнкi — ведамствы старалiся "спiхнуць" клопаты па ўкараненнi вырабаў на плечы iншых. Газета выступiла востра, у тым лiку ў адрас Дзяржплана, Дзяржснаба. "Звязда" ўзяла шэфства над распрацоўкай i ўкараненнем у практыку новых матэрыялаў на аснове палiмераў. Спрыяла таму, што было выдзелена некалькi мiльёнаў рублёў на будаўнiцтва гэтага вялiкага цэха. А потым не давала спакою будаўнiкам, пакуль цэх не запрацаваў.

Пры рэдакцыi быў створаны грамадскi савет па навуцы з лiку найбуйнейшых нашых "свяцiл", практыкаў, якiя, збiраючыся раз у квартал, падказвалi журналiстам тэмы, новыя павароты ўжо вядомых.

Мы актыўна асвятлялi на старонках газеты тэму "Беларускi лён". Гэта была сур’ёзная размова — чаму не ладзiцца справа ў адной з найважнейшых у рэспублiцы галiн. Зацiкаўленых у размове аказалася нямала. I мы стварылi пры рэдакцыi рэспублiканскi экспертны савет па лёну, у склад якога ўвайшлi работнiкi Дзяржплана, Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi, аб’яднання "Белiльновалакно", Дзяржкамсельгастэхнiкi, вучоныя навукова-даследнiчых устаноў, вопытныя аграномы, механiзатары, iльнаводы. Душой гэтай тэмы быў супрацоўнiк "Звязды" Аляксандр Шагун. На старонках газеты аналiзавалася работа як адстаючых гаспадарак, так i перадавых iльнаводаў. Пасяджэннi экспертнага савета праводзiлiся з выездам на месца. Як адзначыў саюзны часопiс "Лён и конопля", дзякуючы прынцыповаму падыходу экспертнага савета i рэдакцыi, у рэспублiцы нарэшце было вырашана пытанне аб эфектыўным выкарыстаннi магутнасцяў па прамысловай выпрацоўцы трасты. Да 1982 г. тут не выкарыстоўвалi iх i напалавiну. "Звязда" шэфствавала над выпускам кормаўборачнага камбайна "КСК-100", над мелiярацыяй Палесся.

Напярэдаднi 30-годдзя Пера- могi ў Мiнску адбылася ўжо мiжнародная сустрэча журналiстаў. З’ехалiся прадстаўнiкi з усiх саюзных рэспублiк i сацыялiстычных краiн. Адкрыў урачыстасць старшыня праўлення Саюза журналiстаў СССР галоўны рэдактар "Правды" Мiхаiл Васiльевiч Зiмянiн. Мiхаiл Васiльевiч, нягледзячы на занятасць, землякоў-журналiстаў не цураўся. Я разы са два да гэтага з групай беларускiх журналiстаў пабываў у яго праўдзiсцкiм кабiнеце. Рухавы, жвавы, ён i на новай пасадзе мог даць разумную параду. У час апошняй сустрэчы нагадалi пра iнiцыятыву мiнчан, якую мы збiралiся вось-вось укаранiць. Размова iшла аб тым, каб замацаваць за кожным ветэранам журналiстыкi групу яго маладых калег, i каб той павучаў iх розуму. Карацей кажучы, ствараць вось такiя камерныя школы журналiсцкага майстэрства. "Воля ваша, але я не раiў бы вам гэтага рабiць. Чым адрознiваецца талковы журналiст? У першую чаргу нестандартным позiркам на звычайныя з’явы, не кажучы ўжо пра ўменне бачыць навiзну, што прабiваецца ў жыццё, у нашу свядомасць. Вы, мабыць, адразу ж набудзеце штампы, хоць i заслужаных, але ўжо "выпрацаваных журналiстаў". Пасля такой парады мы больш не вярталiся да гэтай iнiцыятывы, шукалi iншыя падыходы да набыцця маладымi журналiстамi прафесiйнага майстэрства.

Але вернемся да той журналiсцкай сходкi ў Мiнску. Цёпла ўспрынялi яе ўдзельнiкi выступленне П.М. Машэрава. Нават надзвычай цёпла: Пятра Мiронавiча паважала ўся краiна. Давялося Машэраву па запрашэннi рэдкалегii выступiць у часопiсе "Журналист" з грунтоўным артыкулам-роздумам, якiм павiнен быць журналiст.

Цiхана Якаўлевiча Кiсялёва, якi стаў пасля Машэрава першым сакратаром ЦК КПБ, ведалi ўсе як адметнага дзяржаўнага кiраўнiка, выдатнага гаспадарнiка, разважлiвага эканамiста. Асабiсты ўклад яго ў бурнае развiццё эканамiчнага патэнцыялу рэспублiкi бясспрэчны, ды i як чалавек ён здаваўся прыветлiвым i эрудзiраваным. Iншы раз тэлефанаваў мне ў рэдакцыю: "Я да вас не як да рэдактара, а як старшыня да старшынi", — жартаўлiва пачынаў Кiсялёў. "Так, — падключаўся я пад жартаўлiвы тон размовы. — Сапраўды старшынi, толькi ў розных вагавых катэгорыях..." Як старшыня праўлення Саюза журналiстаў БССР я многа старання праяўляў, каб неяк палегчыць праблему з выдзяленнем жылля для журналiстаў. А iх у рэспублiцы было каля 3000, асноўная частка працавала ў рэдакцыях у Мiнску. Ад iмя сакратарыята Саюза журналiстаў БССР пiсалi ў ЦК, Савет Мiнiстраў БССР. I Цiхан Якаўлевiч, якi тады быў Старшынёй Савета Мiнiстраў БССР, здорава нас падтрымлiваў. Напярэдаднi новага 1978 г. ён падпiсаў пастанову Савета Мiнiстраў БССР № 410 "Аб прадастаўленнi членам Саюза журналiстаў БССР права карыстання дадатковай жылой плошчай".

Вось тэкст пастановы: "Прадаставiць членам Саюза журналiстаў БССР права карыстання дадатковай жылой плошчай у выглядзе асобнага пакоя. А пры адсутнасцi асобнага пакоя — дадатковай жылой плошчай у памеры 20 квадратных метраў". I доўга дзейнiчала кiсялёўская пастанова. З членаў саюза журналiстаў рэспублiкi не спаганялася плата ў казну з тых 20 квадратных метраў як з дадатковых.

Мы насiлiся з iдэяй будаўнiцтва ў Мiнску вялiкага жылога дома для журналiстаў. Шукалi сродкi як у Маскве, у Саюзе журналiстаў СССР, так i Дзяржплане БССР. А як стварылi студыю "Фота i жыццё", то сапраўды багатымi сталi. А вось з лiмiтамi было складана. Зноў дапамог Кiсялёў. "Вашы грошы — звычайныя паперкi. I дом вялiкi не трэба будаваць, многа жылля ў вас у такiм выпадку адбяруць — па закону трэба выдзяляць пэўны працэнт гораду, вайскоўцам i г. д. Вы лепей купляйце жыллё ў гарвыканкама, выдзяляйце прыкладна 300 тысяч рублёў на год. Я такую каманду кiраўнiкам Мiнска выдам". Так i зрабiў шаноўны Цiхан Якаўлевiч. За кошт сродкаў саюза было пабудавана i выдзелена для тых , хто меў у гэтым вострую патрэбу, у 1976 — 1979 гг. 27 новых добраўпарадкаваных кватэр i ў 1981 г. — 10 кватэр. 17 журналiсцкiх сем’яў палепшылi свае жыллёвыя ўмовы за кошт паўторнага засялення. I так — штогод у далейшым. Гэта, вядома, звыш таго жылля, якое журналiсты атрымлiвалi ў законным парадку па чэргах у райвыканкамах.

На пачатку 1982 г. склiкаўся шосты з’езд Саюза журна- лiстаў рэспублiкi. На з’езд было абрана больш як 500 дэлегатаў. Прыехалi госцi з Масквы, Украiны, Лiтвы.

Я доўга карпеў над дакладам, дапрацоўваў яго дома i ў апошнюю ноч перад з’ездам. Апоўначы на кватэру патэлефанаваў памочнiк першага сакратара журналiст Iван Iванавiч Клiшын. "Дык ты ведаеш пра ЧП?" Яшчэ чаго мне не хапала! "У запрашальным бiлеце, якi перадалi першаму, у яго прозвiшчы дапушчана памылка". Я ўз’еўся на Iвана: "I ты мне гэтым глупствам псуеш настрой на ноч? Кiсялёў бачыў?" — "Так, гэта ён мне i сказаў". Наш запрашальны бiлет не меў выгляду: на звычайнай паперы, без анiякага глянцу. Проста забылiся заказаць у друкарнi...

Паколькi позна сядзеў над дакладам, то i назаўтра прыпазнiўся i прыйшоў на з’езд незадоўга да яго пачатку. Ведаў, што Георгiй Загароднi, штатны сакратар Саюза журналiстаў БССР, чалавек надзвычай дысцыплiнаваны i адказны, зробiць, каб усё было ў парадку. I во навiна: Кiсялёў са свiтай ужо ходзiць па палацы прафсаюзаў, гутарыць з дэлегатамi, якiя запаўнялi залу. Павiнавацiўся за памылку, дабавiўшы: "А ведаеце, чаму наш запрашальны такi небагаты, на звычайнай паперцы надрукаваны? Бо ўсе генiяльныя рэчы спачатку друкуюцца на газетнай паласе, амаль на такой вось паперы. А потым — як Бог дасць: цi на глянец, цi ў кошык са смеццем". Бачу — спадабалася.

Зрабiў даклад, зморана саджуся на месца побач з Кiсялёвым. "Чаго крэкчаш? Добры ж даклад зрабiў, грунтоўны. Толькi дзе ж ты такiх слоў паназнаходзiў?" I пачаў, як былы настаўнiк, iспыты мне арганiзоўваць. Ну, гэта ўжо iншая рэч, падумалася. У перапынку, каб ушчыльнiць час, пачалi вылучаць кандыдатуры ў новы склад праўлення. Кiсялёва запрасiлi ў фае палаца паглядзець выстаўку фотажурналiстаў рэспублiкi. "Можа, вам лепей быць на вылучэннi кандыдатур, не баiцеся, што раптам вас абмiнуць?" Аджартаваўся: "Дык пасада ж грамадская, турботная. Работы — хоць адбаўляй i ўсё на асабiстым энтузiязме". Прагаласавала супраць мяне, здаецца, чатыры чалавекi...

Наперадзе зноў былi канкрэтныя справы, якiя натхнялi нас, журналiсцкiх актывiстаў, як тады казалi, несцi ўсё новае, перадавое ў жыццё.

Паводле кнiгi Аркадзя Тоўсцiка "Вяртанне

да вытокаў сваiх", рэдактара газеты "Звязда" 1973—1986 гг., старшынi Праўлення Саюза журналiстаў БССР у 1973—1987 гг.

 

 

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Саюзу журналiстаў Беларусi — 50! Неўзабаве Саюз журналістаў Беларусі адзначыць свой 50-гадовы юбілей. Першым старшынёй праўлення Саюза журналiстаў БСС
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика