Жыткавіцкі неанатолаг выдала пуцёўку ў жыццё 20 тысячам мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак. 21.by

Жыткавіцкі неанатолаг выдала пуцёўку ў жыццё 20 тысячам мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак

04.12.2019 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Больш за ўсе святы Наталля Буйко не любіць уласныя дні нараджэння. І не таму, што прыбаў­ляюцца гады, проста не прывыкла быць у цэнтры ўвагі. А між тым, пайшоў ужо сорак другі год яе ўрачэбнага стажу.

IMG_2801.JPG


Дваццаць тысяч новых жыткаўчан 

Сваю кар’еру педыятр па адукацыі прысвяціла не проста дзецям, а немаўляткам. Яна нязменны неанатолаг цэнтральнай раённай бальніцы, чалавек, у рукі якога нованароджаны трапляе ў першыя хвіліны жыцця і застаецца пад пільным наглядам да выпіскі дадому. Па самых сціплых падліках доктар падаравала жыццё не менш чым 20 тысячам мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак, што перавышае цяперашняе насельніцтва Жыткавічаў і Турава. 

У выбары спецыяльнасці Наталлі Уладзіміраўне ўдалося спалучыць бацькоўскія прафесіі, дзяцей і медыцыну. Галіна Емяльянаўна была выдатным школьным матэматыкам. Уладзіміра Андрэевіча памятаюць як вопытнага афтальмолага, які больш за дзесяцігоддзе ўзначальваў ЦРБ. Пэўны адбітак меў той факт, што сям’я Давыдзенка жыла на тэрыторыі бальніцы. І дзяўчына нібы спакваля напітвалася адпаведнай атмасферай, бачыла, як паважліва ставяцца да людзей у белых халатах, на прыкладе бацькі адчувала ўсю высакароднасць прафесіі. Чаму менавіта педыятрыя запала ў сэрца?

Дзеці — самыя лепшыя лю­дзі, на якіх трэба звярнуць увагу, вырашыла будучы неанатолаг, калі падавала дакументы на педыятрычны факультэт. Але стаць студэнткай пашанцавала толькі з другой спробы. Рыхтуючыся да экзаменаў, год працавала бетоншчыцай у міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі. А асаблівая любоў да нованароджаных з’явілася ў час практыкі.

Шчасце ў далонях

Дачка ўрача і мужам абрала калегу-сакурсніка. На першае працоўнае месца ў Петрыкаў ехала з мужам Уладзімірам Буйко і маленькім сынам, які нарадзіўся падчас вучобы. Пасля адпрацоўкі пара па кантракту трапіла ў Германію. Тры гады практыкаваліся ў Лейпцыгскім ваенным шпіталі, што абслугоўваў групу савецкіх войскаў. Афіцэры, зразумела, мелі жонак, якія на­раджалі дзяцей, а нашы беларусы іх лячылі. А калі вярнуліся на малую радзіму ў Жыткавічы, Наталля Уладзіміраўна больш ёй не здраджвала. 

Мінулы час умясціў шмат розных падзей уласнага характару. І сумных (у дарожнай аварыі загінуў муж), і радасных, звязаных з сям’ёй. Малодшы сын працягвае медыцынскую дынастыю, ён анестэзіёлаг. Яна бабуля чатырох хлопчыкаў, і не губляе надзеі, што нехта з іх мажліва таксама дасць клятву Гіпакрата. 

— Праца — маё жыццё, — прызнаецца Наталля Уладзі­міраўна, якая ўжо ратуе немаўлят першых сваіх пацыентак. — Самая вялікая радасць, калі дзіцятка не мае ніякіх адхіленняў. Толькі так адбываецца, на жаль, не заўжды. Гэта цяпер у Жыткавічах цяжарныя нараджаюць без паталогіі ці тыя, хто не паспеў трапіць у спецыялізаваны раддом. Раней выходжвалі ўсіх немаўлят на месцы. 

У рабоце ўрача здараліся дзеткі па паўтара кілаграма. І нават рэкордная пяцісотграмовая дзюймовачка, якую паспяхова выхадзілі. На хвіліначку, гэта была сярэдзіна васьмідзясятых. Адзін-два разы на год жыткаўчанкі давалі “двайны” план, а ў Петрыкаве Наталлі прыйшлося рэанімаваць нават тройню. 

Наталля Уладзіміраўна прыгадвае, што ў лепшыя часы радзільнае аддзяленне штогадова прымала да тысячы немаўлят. Зараз разы ў чатыры менш. І не толькі з-за адмоўнай дэмаграфіі. Нямала нашых жанчын становяцца мамамі ў Мазыры і Гомелі, дзе для аказання такой дапамогі створаны найспрыяльнейшыя ўмовы, ёсць сучаснае абсталяванне і спе­цыялісты вышэйшай кваліфікацыі.

Заставацца ў страі

Амаль палову з чатырох працоўных дзясяцігоддзяў доктар Буйко сумяшчала практыку з адміністрацыйнай дзейнасцю. Пасада намесніка галоўнага ўрача ЦРБ па медыцынскай частцы патрабавала не толькі наладжвання стасункаў у калектыве. Як чалавеку, у абавязкі якога ўваходзіў кантроль за аказаннем дапамогі ў стацыянары, ёй прыходзілася ўнікаць ва ўсе змежныя прафесіі, пастаянна павышаць узровень ведаў. Не пакідаючы любімую неанаталогію, яна некаторы час паралельна загадвала дзіцячым аддзяленнем бальніцы.

Сёння Наталля Уладзіміраўна таксама вядзе некалькі палат, афіцыйна лічыцца раённым педыятрам і па-ранейшаму апякае новых грамадзян, якія з’яўляюцца на гэты свет.

“Рабі, што патрэбна, і здзейсніцца тое, чаму наканавана быць” — выраз Марка Аўрэлія субяседніца ўзяла за прафесійнае крэда. 

— Нягледзячы на салідны багаж за плячыма, мне яшчэ цікава працаваць, гаворыць Наталля Уладзіміраўна, — а запатрабаванасць прыдае стымул, каб заставацца ў страі.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш за ўсе святы Наталля Буйко не любіць уласныя дні нараджэння. І не таму, што прыбаў­ляюцца гады, проста не прывыкла быць у цэнтры ўвагі. А між тым, пайшоў ужо...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика