Прадпрымальнiкi просяць адэкватную адмiнiстрацыйную адказнасць за свае памылкi. 21.by

Прадпрымальнiкi просяць адэкватную адмiнiстрацыйную адказнасць за свае памылкi

16.02.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На вясновай сесii, магчыма, беларускiя парламентарыi будуць разглядаць законапраект па зменах у Кодэкс аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях. Прынамсi, КаАП плануецца перагледзець з пункту гледжання таго, што штрафы павiнны быць суразмерныя маштабу памылкi, якую дапусцiў той цi iншы суб'ект гаспадарання. Пра тое, якiм хочуць бачыць КаАП прадстаўнiкi бiзнэсу пасля ўнясення змяненняў, мы пагаварылi з Аляксандрам Калiнiным, старшынёй Беларускага саюза прадпрымальнiкаў:

— Аляксандр Фядотавiч, якiя ж артыкулы з Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях не задавальняюць дзелавую супольнасць i чаму?

— Сам Кодэкс пачаў дзейнiчаць 2007 годзе, i гэта была нармальная спроба звесцi ў адзiны дакумент розныя нормы адмiнiстрацыйнай адказнасцi. I калi гэта зрабiлi, то выявiлася яўная незбалансаванасць розных напрамкаў. У працэсе прымянення шэрагу артыкулаў на практыцы стала вiдавочна, што некаторыя з iх вельмi жорсткiя. Магчыма, яны прымалiся ў свой час, калi была барацьба з нейкiмi негатыўнымi наступствамi развiцця прадпрымальнiцтва, а цяпер яны ўжо састарэлi i замiнаюць развiццю дзелавога асяроддзя. Асаблiва ўлiчваючы тое, што кiраўнiк дзяржавы паставiў мэту — увайсцi ў 30 краiн з найлепшымi ўмовамi вядзення бiзнэсу. А патрапiць туды немагчыма, калi не паляпшаць паказчык абароны iнвестара. На жаль, КаАП змяшчае нормы, па якiх за фармальнае правапарушэнне прадпрыемства можа панесцi вялiкiя страты. Класiчны прыклад — артыкул 23.17 КаАП, калi за парушэнне афармлення першасных дакументаў прымяняецца санкцыя ў выглядзе штрафу да 10 % ад сумы фiнансавай аперацыi. Такое пакаранне можа разбурыць бiзнэс, хаця дзяржава ад парушэння нiякай шкоды не церпiць. Прычапiцца па артыкуле 23.17 можна да любога дакумента, бо склалася пэўная практыка афармлення гаспадарчых аперацый, калi некаторыя з iх афармляюцца спрошчана. Напрыклад, у картках складскога ўлiку не запаўняюцца ўсе графы, ды, бадай, гэта i не патрэбна. Але паколькi гэта першасны дакумент, то можна прыйсцi i аштрафаваць. Праўда, да гэтага яшчэ нiхто не дадумаўся, але тэарэтычна гэта магчыма.

Ёсць iншыя артыкулы, якiя мы таксама крытыкавалi. Гэта 11.43 i 11.44, па якiх спазненне з падачай статыстычнай дэкларацыi на адны суткi магло прывесцi да штрафу ў памеры да 100 % ад сумы знешнегандлёвай аперацыi. Гэта таксама несуразмерна, бо няма шкоды дзяржаве. Калi падалi дэкларацыю пазней, то трэба пакараць канкрэтнага чалавека, а не прадпрыемства на суму кантракта.

У Кодэксе аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях ёсць i артыкулы 12.4 i 12.6, штрафы па іх таксама абсалютна несуразмерныя з наступствамi. Наогул, па вялiкiм рахунку дык завышэнне цэнаў у рознiцы нiяк не шкодзiць iнтарэсам дзяржавы: калi прадукт куплены i аплачаны, то дзяржава атрымлiвае болей падаткаў — ПДВ, падатак з прыбытку. Таму i штрафаваць у трохразовым памеры няма сэнсу, бо зноў-такi няма стратаў для дзяржавы...

— I што прапануе бiзнэс-супольнасць?

— Мы казалi ўраду, што нельга пакiдаць у заканадаўстве нормы, калi адказнасць за правапарушэнне значна большая, чым цяжар гэтага правапарушэння. Трэба ўвесцi папярэджанне як меру адказнасцi для юрыдычных асобаў — калi ёсць памылка, то на першы раз трэба папярэдзiць, каб не паўтаралi. Бо адна з мэтаў адмiнiстрацыйнай адказнасцi — выкаранiць такiя парушэннi. I я павiнен з задавальненнем сказаць, што нашы пытаннi пачутыя, асаблiва актыўная праца пайшла са снежня 2009 года. Мы добрасумленна прапрацавалi выпадкi, унеслi вялiкую тлумачальную запiску з прыкладамi, якую ўважлiва разгледзелi ва ўрадзе. Акрамя нас свае прапановы ўносiў Савет па прадпрымальнiцтве, плюс сваё слова сказаў i 510-ы Указ Прэзiдэнта аб удасканаленнi кантрольнай дзейнасцi, дзе ёсць даручэннi ўраду па збалансаваннi мераў адказнасцi.

На сёння шмат якiя пытаннi ўлiчаны ў законапраекце, што падрыхтаваны Саўмiнам i будзе вынесены на вясновую сесiю парламента. Прынамсi, у iм прадугледжаны ўвядзенне для юрыдычных асобаў такой меры адказнасцi, як папярэджанне, выключэнне з Кодэкса артыкула 23.17, змякчэнне адказнасцi па артыкулах 11.43 i 11.44. Я лiчу, што сфера адказнасцi юрыдычных асобаў павiнна быць як мага больш звужана. Ёсць адказнасць канкрэтнай службовай асобы: калi ты наймаешся на працу, то ты павiнен мець адпаведную квалiфiкацыю, а значыць, калi ты нешта парушыў, то i павiнен за гэта адказваць. На сёння тая канцэпцыя, якая закладзена ў КаАП i якая зручная для кантралюючых органаў, састарэла i з'яўляецца памылковай з пункту гледжання задач, што стаяць перад эканомiкай краiны.

— Якiя ёсць шанцы, што папраўкi паводле прапаноў бiзнэс-супольнасцi будуць прынятыя?

— Мы разлiчваем, што законапраект будзе вынесены на вясновую сесiю i што будзе поўнае разуменне карысцi ад змякчэння адмiнiстрацыйнай адказнасцi. Мы канкрэтна паказваем, што гэта напрамую паўплывае на мiжнародны рэйтынг Беларусi. За два гады ў нас добрыя поспехi — паводле рэйтынгу Сусветнага банка Doing Business, мы паднялiся са 115-га на 58-е месца, другi год запар уваходзiм у топ-10 краiн-рэфарматараў. Але па паказчыку "Ахова iнвестара" мы за гэты час апусцiлiся са 101-га на 109-е месца, г. зн. тут нам ганарыцца няма чым. А на гэты паказчык напрамую ўплывае сiстэма адказнасцi, у тым лiку i адмiнiстрацыйнай, калi iнвестар можа пацярпець з-за фармальных парушэнняў сваiх супрацоўнiкаў i нават згубiць бiзнэс.

— А што з адказнасцю за няправiльнае цэнаўтварэнне? Яна па-ранейшаму будзе ў Кодэксе аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях?

— Нам паабяцалi ў Мiнэканомiкi, што ў гэтым напрамку будзе працягнутая праца з улiкам мераў па лiбералiзацыi цэнаў, бо можна мяняць КаАП, а можна проста даць свабоднае цэнаўтварэнне без выключэнняў i такiм чынам звузiць сферу прымянення адпаведных артыкулаў. Мы з разуменнем ставiмся да такой пазiцыi Мiнiстэрства эканомiкi, бо трэба зрабiць i антыманапольныя захады: з аднаго боку, патрэбны жорсткiя меры да манапалiстаў, а з iншага — паслабленне для сумленных удзельнiкаў рынку. Такiм чынам, гэтае пытанне трэба належным чынам прапрацаваць, тут рэформа КаАПа не павiнна праводзiцца рэвалюцыйна — трэба стварыць мiжведамасную групу i ў спакойным рэжыме паглядзець, як збалансаваць адказнасць i нормы КаАП. Прапанову наконт стварэння такой працоўнай групы мы ўнеслi ў Саўмiн. Дарэчы, праца ў аналагiчнай мiжведамаснай групе па падатках паказала сваю эфектыўнасць: мы не прыйшлi i не сказалi "давайце адменiм падаткi", а мы на працягу трох гадоў праводзiлi аналiз. Бо бясспрэчна, што дзяржава павiнна мець рычагi, у тым лiку i адмiнiстрацыйная адказнасць павiнна прымяняцца, але як яе аптымiзаваць — тут ужо павiнны разабрацца эксперты i выпрацаваць нейкi кампрамiсны варыянт. Вось мы працавалi над падатковым заканадаўствам — i маем цiкавыя рэжымы спрошчанага падаткаабкладання, маем у многiм збалансаваную Асаблiвую частку Падатковага кодэкса. Аналагiчную працу трэба правесцi i над КаАПам: адмянiць (без стратаў для дзяржавы) тыя артыкулы, якiя тармозяць iнвестыцыi i адмена якiх не прынясе шкоду дзяржаве, стварыць нармальнае прававое поле. Магчыма, тады кантралёрам будзе больш складана знайсцi парушэннi, але i не трэба столькi парушэнняў — трэба стварыць такiя простыя ўмовы вядзення бiзнэсу, каб i парушаць не было чаго.

— Аляксандр Фядотавiч, а цi не ўспрымуць прадпрымальнiкi паслабленнi адмiнiстрацыйнай адказнасцi як магчымасць не вельмi пiльна ставiцца да запаўнення тых жа дакументаў, як магчымасць дзесьцi свядома, хай i па дробязях, парушаць заканадаўства?

— Ну я не стаў бы агiтаваць прадпрымальнiкаў не выконваць iнструкцыi. Напрыклад, той жа артыкул 23.17 можа быць лёгеа выключаны з Кодэкса, бо ён дублюецца iншымi артыкуламi. Скажам, ёсць артыкул 12.1 пра парушэнне парадку вядзення бухгалтарскага ўлiку, ёсць артыкул 13.5 пра парушэнне правiлаў улiку аб'ектаў падаткаабкладання, даходаў, расходаў i iншых элементаў падатковага ўлiку. Так што адказнасць застаецца, проста яна будзе меншая. I мы не кажам, што яе трэба скасоўваць: калi вы заслужылi штраф, то вы яго атрымаеце, але ў разумным памеры: 10 базавых на бухгалтара — гэта не 10 % ад выручкi. Так што вы правiльнае пытанне задалi, але мы не прапануем выключыць адказнасць за парушэннi поўнасцю, мы проста прапануем зрабiць гэтую адказнасць разумнай.

Гутарыў Павел БЕРАСНЕЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На вясновай сесii, магчыма, беларускiя парламентарыi будуць разглядаць законапраект па зменах у Кодэкс аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях. Прынамсi, КаАП плануецца перагледзець з пункту гледжання таго, што штрафы павiнны быць суразмерныя маштабу памылкi, якую дапусцiў той цi iншы суб'ект гаспадарання. Пра тое, якiм хочуць бачыць КаАП прадстаўнiкi бiзнэсу пасля ўнясення змяненняў, мы пагаварылi з Аляксандрам Калiнiным, старшынёй Беларускага саюза прадпрымальнiкаў:
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика