Пiсьменнiк Мiхаiл Велер: Я iшоў, куды мне хацелася, i рабiў тое,што падабалася. 21.by

Пiсьменнiк Мiхаiл Велер: Я iшоў, куды мне хацелася, i рабiў тое,што падабалася

16.02.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На ўсiх запланаваных сустрэчах, якiя апошнiмi днямi ладзiлiся ў беларускай сталiцы, залы проста ламалiся ад колькасцi ахвотных паслухаць i паглядзець на масцiтага мэтра. Рэзкасць, часам грубаватасць, але разам з тым непадробная шчырасць i багатая практыка.

Велер правакуе, б'е праўдай у лоб, iнтрыгуе i не перастае здзiўляць. Інтэрв'ю з iм — у пэўнай ступенi экзамен для журналiстаў, пiсьменнiк заўсёды трымае позiркам суразмоўцу. Прычым пiсьменнiк хоць i "грашыць" лiрычнымi адступленнямi падчас гутаркi, ён заўсёды адказвае на пытаннi да канца.

Падчас гутаркi пiсьменнiк не грэбуе такiмi словамi як "бабкi", "сука", "дзярмо" i "сволач". Сучасных дыктараў-мужчын Велер смела называе "хлопчыкамi з бiсэксуальнымi схiльнасцямi", а Бога — "хлопцам наверсе"... Такi ён ёсць — Мiхаiл Велер. На XVII мiнскiм мiжнародным кнiжным кiрмашы-выставе аўтар прэзентаваў новую кнiгу "Легенды Арбата", экзэмпляр якой найбольш удалым журналiстам перапаў пасля задарма...

Калi адзiн з журналiстаў запытаў, над якой кнiгай працуе пiсьменнiк зараз, Велер адказаў: "Нiколi не пытайце чалавека пра тры рэчы: з кiм ён спiць, на якiя грошы жыве i што ён зараз пiша. Нездарма ёсць прыказка: хочаш насмяшыць Бога, раскажы пра свае планы."

Першую кнiгу Мiхаiла Велера, якая выходзiла "10 гадоў плюс яшчэ пяць выдавецкага працэсу, выкiдвалi некалькi разоў такiм незвычайным спосабам, што расказваць штосьцi наперад не мае сэнсу. Сёння раскажаш — заўтра пачнецца..." Пiсьменнiк не рэкламуе кнiгу да яе выхаду, як лiчыць аўтар, "у сённяшнiя рэкламна-бессаромныя часы тавар павiнен папярэднiчаць рэкламе, а не наадварот".

Асаблiва шмат пыталi журналiсты пiсьменнiка пра яго прафесii. Яшчэ б: наўрад цi часта знойдзеш чалавека, якi за сваё жыццё змянiў не адзiн дзясятак прафесiй — ад настаўнiка рускай мовы да пагоншчыка жывёлы...

— Я iшоў туды, куды мне хацелася, i рабiў тое, што падабалася. Але толькi да таго часу, пакуль было цiкава. Прыйшоўшы ў цэх бетоннага камбiната, праз два месяцы я атрымаў першы разрад, праз два тыднi другi разрад, а яшчэ праз месяц i трэцi. I я ўжо мог выконваць любую аперацыю гэтага працэсу. I нiчога новага ўжо не пазнаеш. I тады я сыходзiў, бо станавiлася сумна. Я не магу сказаць, што я мяняў прафесii. Проста хацелася ўсяго адразу, вось i ўсё.

— Сучаснаму пакаленню цi патрэбныя такiя пошукi?

— Прыродай закладзена так, што маладыя павiнны швэндацца. Маладыя павiнны адмаўляць каштоўнасцi, якiя сцвярджаюць старыя. I спрабаваць змянiць абсалютна ўсё. Маладыя павiнны спрабаваць перарабiць гэты свет максiмальна. Дзеля гэтага, цалкам натуральна, што i сваё жыццё трэба разнастаiць максiмальна. I гэта не свядомае рашэнне, гэта iнстынкт. Чалавецтва так пабудавана, гэта адзiн з момантаў яго эвалюцыi. У Савецкiм Саюзе межы былi на замку, затое ўнутры Саюза месца было шмат. Афiцыйна мiльянераў не было, i жабракоў, калi ўзяць год 1975-ы, таксама. Куды б нi прыходзiў уладкоўвацца на працу, свае 150 рублёў ты атрымлiваў паўсюль, без нiякай адукацыi. Я працаваў у школе i атрымлiваў 100 рублёў, прыйшоў без разраду на бетонны завод — i атрымлiваў 200 рублёў. Я ведаю моладзь, якая швэндаецца i цяпер: то яны збiраюць апельсiны ў Iталii, то вандруюць па Галандыi... Але, вiдаць, такое жыццё не для ўсiх, бо швэндаецца ўсё ж меншасць.

— Сярод вашых шматлiкiх прафесiй была i пасада ў Музеi гiсторыi рэлiгii i атэiзму. Ваша стаўленне да рэлiгii сёння?

— Калi ў 1974 годзе 22 мая я ўладкаваўся на працу ў музей, то сапраўдным адкрыццём для мяне было тое, што ў цалкам атэiстычным савецкiм музеi працавалi дактары навук i кандыдаты, камунiсты, якiя з вялiкай пашанай ставiлiся да рэлiгiй увогуле. Яны сцвярджалi, што Хрыстос iснаваў гiстарычна. Менавiта там, у музеi, я ўпершыню прачытаў Бiблiю цалкам, а не кавалкамi, як ва ўнiверсiтэце. Супрацоўнiкаў выклiкалi на экспертызу па кантрабандзе абразоў i рэлiгiйнай лiтаратуры. I вось мне за 20 рублёў прадалi Бiблiю з канфiскату на рускай мове. Якраз там я навучыўся да любой рэлiгii ставiцца з павагай. З таго часу, калi я прыязджаў у якi-небудзь горад, то iшоў у найблiжэйшы храм i ставiў свечку. Нават калi не было праваслаўнага храма, а толькi каталiцкi, я iшоў у касцёл, бо ў Бога шмат iмён, але сам ён адзiн. У Расii сёння праваслаўную царкву ставяць на месца аддзела па iдэалогii пры ЦК КПСС... Калi б мне давалi выбiраць рэлiгiю, то, хутчэй за ўсё, па светапоглядзе, я запiсаўся б у адзiн з найбольш простых вiдаў пратэстантызму, якi пазбаўлены абраду i манаства. Мне блiзкiя погляды Томаса Мюнцэра, якi сцвярджаў: "Не мае значэння, ходзiць чалавек у царкву цi не, выконвае пост цi не, молiцца цi не. Але калi чалавек жыве паводле запаветаў i законаў, калi ён сумленны з людзьмi, клапатлiвы з сям'ёй, то такi чалавек жыве ў Хрысце, нават калi i не ведае пра гэта". Гэтыя погляды мне блiжэй за ўсё.

— Ваша першае ўражанне ад беларускай мовы (некаторы час пiсьменнiк жыў у Беларусi. — Аўт.)?

Аўт.)?

— Першае маё ўражанне ад беларускай мовы — гэта цёплая пара года, дрэвы, лiстоўе, цэнтральная магiлёўская вулiца Першамайская. Пасля забайкальскага стэпу ачаг цывiлiзацыi неймаверны. Асфальт паўсюль, крамы з вiтрынамi, горад вялiзны. Аўтобусы ходзяць, нават трамваi. I раптам я бачу пасярод вулiцы перацяжку, вялiкую i чырвоную: "Слава вялiкаму Кастрычнiку!". У мяне было адчуванне, быццам мяне дубiнай па лбе агрэлi. Згодна з фанетычным ўпадабненнем, чалавек, для якога родная мова руская, а беларускую ён не ведае, "кастрычнiк" перш-наперш асацыюецца са словам "кастрыраваць". Я цалкам згубiў асэнсаванне рэальнасцi i стараўся зразумець, што гэта азначае — бо гэта ж жах. Праз некалькi дзён я нарэшце даведаўся, што гэта такое, i на ўсякi выпадак, каб не трапляць у стрэс, вывучыў назвы i астатнiх месяцаў. Увогуле, калi аднойчы мяне ўпершыню выклiкалi да дошкi на ўроку беларускай мовы, я пачаў чытаць замест "дачка" — "дачка" i ўсё па тым жа ўзоры. Рытм у мяне не атрымлiваўся, але запомнiў я яго жалезна. Мне паставiлi адзiнку, выгналi з класа. Настаўнiцы пасля растлумачылi, што я невiнаваты, таму што ўпершыню ў жыццi чытаў па-беларуску. I больш мяне нiколi не выклiкалi да дошкi, два разы на чвэрць я пiсаў сачыненне на рускай мове, атрымлiваў сваю пяцёрку i на гэтым было ўсё. Настаўнiца па беларускай мове i лiтаратуры была жанчына рахманая, яна прыкладна разумела, што да чаго, таму асаблiва не тыранiла.

— Ваша стаўленне да беларускай лiтаратуры? З беларускiх пiсьменнiкаў каго-небудзь чытаеце?

— Для сябе я перафразаваў знакамiтае выказванне з фiльма "Афiцэры": "ёсць такая прафесiя — праўду казаць". Калi я вучыўся ў Беларусi, рускiх i беларусаў у нашым класе было прыкладна напалову. Кнiгi па-беларуску ляжалi ў крамах дастаткова свабодна, вось кнiг на рускай мове немагчыма было дастаць. Я нават калi ўпершыню панёс вершы ў газету "Знамя юности", мне сказалi, што было б лепш, калi б пiсаў па-беларуску, а то рускамоўнымi тэкстамi рэдакцыя ўжо была заваленая. Увогуле да беларускай лiтаратуры я ставiўся спакойна. Ведаю, што ў Беларусi нарадзiўся i жыў сусветнага маштабу пiсьменнiк Васiль Быкаў. Лепшы, на маю думку, савецкi пiсьменнiк, якi пiсаў пра вайну. Лепш за яго на гэту тэму нiхто не пiсаў.

— Што вы цяпер чытаеце?

— Я чытаю сацыялогiю. Па-мойму, бiялагiчная i гiстарычная сацыялогiя непараўнальна цiкавейшая за белетрыстыку. Цяпер чытаю тры кнiгi, калi быць сумленным. I нiводная з iх не мае дачынення да белетрыстыкi: "Iнстынкты i сацыяльныя паводзiны" Фета, "Люстэрка" Конрада Лорэнтса i "Цывiлiзацыйныя канфлiкты ў кантэксце цывiлiзацый" Назарэцяна.

— Ваша стаўленне да сённяшняй рэформы рускай мовы? У прыватнасцi, да змянення нацiску ў словах.

— Наколькi я разумею, няшчасная рэформа распачалася ў сярэдзiне 1990-х, калi галоўным жаданнем народа было адно — есцi, у той час калi "жэрцi" не было чаго. У фiлолагаў-лiнгвiстаў гэтаксама не было чаго есцi. I вось трэба выдаць новы слоўнiк, таму што за яго дадуць грошай. Але для таго, каб быў новы слоўнiк, патрэбна, каб быў працэнт змяненняў у акцэнталогii (без працэнта змяненняў новы слоўнiк выдаваць не будуць). I вось узялi i змайстравалi працэнты змяненняў, на ўсякi выпадак даючы па дзве нормы вымаўлення (обеспечение i обеспечение, одновременно i одновременно). Людзi павiнны апраўдваць сваё iснаванне, свае iнстытуты, штаты i зарплаты. Заўважце: Пушкiн, Лермантаў i Гогаль пiсалi раней, чым Уладзiмiр Iванавiч Даль склаў першы слоўнiк рускай мовы. I ведаеце — нядрэнна пiсалi.

Калi iдыёты прыходзяць у лiнгвiстыку i арфаэпiю, у iх галовах складваецца дзiўная думка: яны самi i ёсць носьбiты мовы — як яны скажуць, так i правiльна. Насамрэч норма адносная. Iснуе такое паняцце, як "хiстальны контур". Скажам, Каспiйскае мора — то расцякаецца, то мялее. Прырода, як бы правярае такiм чынам, як яно лепш за ўсё. Вось i ў мове таксама рэгулярна праходзяць гэтыя хiстальныя рухi. Казалi "шофер", пасля пачалi "шафёр". Гаварылi "запасны" выхад, паля "запасны", цяпер зноў "запасны". Пачынаецца вяртанне да першапачатковага варыянту... На жаль, лiнгвiсты не заўсёды пра гэта памятаюць.

— Для вас радзiма там, дзе свабода?

— Прыгожыя фразы заўсёды цудоўныя як метафары, але да iсцiны заўсёды маюць дачыненне ўскоснае. Свабода, насамрэч, адзiн з вiдаў слова "добра", а "радзiма" гэта зусiм не там, дзе добра: чалавек уладкаваны так, што iм кiруюць iнстынкты, якiя выдаюць яму ў свядомасць жаданнi, паходжанне якiх ён сам не разумее, але яны для яго вельмi важныя. I калi ТЫ не зробiш сваю краiну лепшай, то на якi хрэн яна патрэбная камусьцi яшчэ?

Iлья ЛАПАТО.

P.S. Пасля сустрэчы мяне нiяк не пакiдала адчуванне таго, што знешне Мiхаiл Велер мне некага нагадвае. Пасля ўзгадаў — праўнука нямецкага канцлера Аляксандра фон Бiсмарка. Дзiўныя рэчы.

Пасля сустрэчы мяне нiяк не пакiдала адчуванне таго, што знешне Мiхаiл Велер мне некага нагадвае. Пасля ўзгадаў — праўнука нямецкага канцлера Аляксандра фон Бiсмарка. Дзiўныя рэчы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На ўсiх запланаваных сустрэчах, якiя апошнiмi днямi ладзiлiся ў беларускай сталiцы, залы проста ламалiся ад колькасцi ахвотных паслухаць i паглядзець на масцiтага мэтра. Рэзкасць, часам грубаватасць, але разам з тым непадробная шчырасць i багатая практыка. Велер правакуе, б'е праўдай у лоб, iнтрыгуе i не перастае здзiўляць. Інтэрв'ю з iм — у пэўнай ступенi экзамен для журналiстаў, пiсьменнiк заўсёды трымае позiркам суразмоўцу. Прычым пiсьменнiк хоць i "грашыць" лiрычнымi адступленнямi падчас гутаркi, ён заўсёды адказвае на пытаннi да канца.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика