Пенсіянеры "сядзяць" на малацэ. Але не на дыеце. 21.by

Пенсіянеры "сядзяць" на малацэ. Але не на дыеце

16.12.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сельскі пенсіянер заслужаны адпачынак успрымае як самы час падымаць уласную падсобную гаспадарку і аддае гэтай справе ўсе свае сілы і час.

Пенсія працы не шкодзіць

Анатоль Аляксандравіч Мачохін — фермер з Круглянскага раёна. Яму 46 гадоў, але ён ужо пенсіянер. Мужчына працаваў у МНС, а потым вярнуўся да "кар'еры" сельскага працаўніка і ўзначаліў сялянска-фермерскую гаспадарку "Хількавіцкае".

— Я родам з вёскі, па прафесіі заатэхнік, а ў горадзе вытрымліваю толькі два дні, і то з напругай, так што маё месца тут, — усміхаецца фермер.

Сваё месца — гэта ферма ў вёсцы Хількавічы, якую Анатоль Аляксандравіч выкупіў у мясцовай гаспадаркі. Дасюль даводзіцца прыводзіць старыя хлявы ў парадак.

— Гэта карціна называецца "Тройка", — паказвае фермер мастацкае ўпрыгажэнне на фасадзе. — Я яе забраў з трухлявага будынка былой спартыўнай школы. Я вельмі люблю коней.   Анатоль Аляксандравіч Мачохін, пенсіянер і фермер з Хількавічаў, вельмі любіць коней і зарабляе на іх: "Сельскія пенсіянеры хочуць працаваць, пакуль ёсць сілы".

Коні, якія пасвяцца непадалёк, прыгажэй за тую бляклую карцінку. Мачохін выводзіць Красаўчыка, каня беларускай запражной пароды: гара мускулаў, бліскучая карычневая скура, доўгая грыўка, белая палоска на мызе. Гэты сапраўдны прыгажун ужо займаў прызавыя месцы на выставах.

Але коні — гэта не проста фермерскае задавальненне. Продаж і арэнда коней сялянам для падсобных гаспадарак і арганізацыі аграэкатурзму дае стабільны даход. Сёлета Анатоль Аляксандравіч прадаў дзясятак коней, прычым кожны каштуе больш за 10 мільёнаў рублёў.

Аднак на ферме, акрамя коней, ёсць таксама свінні і каровы. Мачохін мае 28 кароў і называе іх "жывой капейкай", таму што кожныя дзесяць дзён за здадзенае малако стабільна плацяць грошы. Цікава, што разам з каровамі ў хляве жыве кошка Машка, маленькая і махнатая: яна назірае за працэсам з пляча даярак і першая з уласнай міскі дэгустуе малако. Фермер не супраць.

З гэтага года Анатоль Аляксандравіч адказвае і за збор малака ў насельніцтва.

— Я ўсё скардзіўся на праблемы з тлустасцю малака, ад чаго залежаць і даходы, пакуль мне нарэшце не сказалі: "Вазьміся і арганізуй сам!" — расказвае ён. — Цяпер мае людзі збіраюць малако ў 13 вёсках акругі: тлустасць у нас вышэй за базісную, людзі маюць добрыя грошы, а ўлады паабяцалі прадаць мне патрыманы малакавоз для перавозкі сваёй прадукцыі на прадпрыемства.

Поспехі ў фермера ёсць: 160 сялянскіх падворкаў сёлета здадуць на 25-30 тон малака больш, чым летась. І гэта нягледзячы на тое, што колькасць кароў паменшылася на некалькі дзесяткаў.

— Мінеральная вада даражэй за малако! — тлумачыць Мачохін асноўную праблему. — На наш погляд, малако цяпер танна цэніцца. Добра, што паднялі закупачную цану, але нам і гэта падаецца недастатковым. Таму што перапрацоўшчыкі з цэнамі не саромеюцца.

Падмога для пенсіянера

Фермер Мачохін выглядае адпаведна сучаснасці: куртка з раслінным малюнкам, джынсы, падобныя на каўбойскія боты. Раз'язджае па акрузе на зялёнай "Ніве", якая не баіцца калдобін. Размаўляе гучна, каб усе працаўнікі добра чулі каманды і меркаванні кіраўніка. Неяк зусім не па-пенсіянерску.

Анатоль Аляксандравіч, шчыра кажучы, пенсіянерам сябе не адчувае і таму не лічыць вартым сядзець на лаве каля хаты. Ён працуе, зарабляе грошы. Гадуе жывёлу, вырошчвае грэчку. Робіць акцэнт на арганічныя ўгнаенні, набывае новую тэхніку. Малако дае добры прыбытак — і за кошт сваіх кароў, і за кошт даплаты прадпрыемства за збор малака.

— Праца ў нуль — гэта не праца, і людзям трэба плаціць, — гаворыць ён.

Але, у адрозненне ад іншых пенсіянераў, у Анатоля Аляксандравіча няма выхадных дзён, а працоўны час пачынаецца а 6-й гадзіне і завяршаецца позна ўвечары, пакуль не скончыцца дойка. Водпуск? Пакуль ніяк.

— У мяне пенсія 760 тысяч рублёў, — рапартуе фермер. — Ды і на жыццё ўсё роўна трэба зарабляць. Калі хочаш добра жыць — трэба не сядзець пад крамай, а працаваць.   Валянціна Фёдараўна Атрашкевіч з вёскі Рубеж трымае 12 кароў: "Улетку мільён рублёў штотыдзень магу атрымаць ад свайго статка. І гэта добрая падмога ў жыцці пенсіянера".

Падобнымі меркаваннямі кіруюцца многія сяляне: 40% малаказдатчыкаў Мачохіна — пенсіянеры, якія хочуць падзарабіць. Гавораць, што ўлетку з адной каровы выходзіць 700-800 тысяч рублёў у месяц. Цяпер жа, калі каровы пайшлі ў запуск, можна атрымаць тысяч 300, што таксама з'яўляецца нядрэннай прыбаўкай да пенсіі.

— Пенсіянеры хочуць працаваць, пакуль ёсць сілы, — лічыць Анатоль Аляксандравіч. — Усе звычайна кажуць, што не будуць працаваць ніводнага дня пасля таго, як выйдуць на пенсію. Але потым іх з працы не выгнаць. Таму што чалавек прывыкае да яе. Сядзець дома не кожны здольны ўвогуле. Таксама і я. Я сапраўды на пенсіі ні дня не працаваў у арганізацыі, але ў мяне ёсць свая справа, я сам сабе гаспадар — пенсіянер і фермер, у адным.

Пенсійны рубеж

Лепшы здатчык малака ў фермера Мачохіна жыве ў вёсцы Рубеж. Пенсіянерка Валянціна Фёдараўна Атрашкевіч трымае 12 кароў, за апошнія паўгода здала 27 тон малака, але рукі даходзяць і да ўпрыгажэнняў сялянскага жыцця. Напэўна, кожны аўтамабіль прытармозіць каля яе вялікага палісадніка. Нават цяпер, калі кветкі адцвілі і сажалка з карасямі ўжо стаіць пустая, уражвае сад скульптур.

Увогуле ў сям'і Атрашкевічаў — цэлы маёнтак: побач з маці пабудавалі дамы і актыўна займаюцца падсобнай гаспадаркай сыны. У мужчын — тэхніка (вылучаецца трактар са значком "Мерседэса"), зямля, свінні, коні і мноства сабак, таму што паляўніцтва — гэта агульнае сямейнае захапленне.

У Валянціны Фёдараўны — любімыя каровы ў чысценькім пабеленым хляве, якіх яна называе Машкамі ды Лыскамі. Гаворыць, што яны ручныя і вельмі любяць хлеб і ласкавыя словы. Гаспадыні 58 гадоў, але сваю прафесію заатэхніка, пасля шматгадовай працы ў сельскай гаспадарцы, яна цяпер паспяхова прымяняе на ўласным падворку.

— У мяне ў горадзе ёсць кватэра, але жыць там не хачу, — каментуе Атрашкевіч. — Кароў узяла, таму што яны даюць грошы. Улетку больш за мільён штотыдзень атрымліваю ад свайго статка. І гэта добрая падмога ў жыцці.

Цяпер штодня Атрашкевіч здае адзін бітон — 40 літараў малака. Вядома ж, не параўнаць з летнімі заробкам, але 400 тысяч за дзесяць дзён і цяпер удаецца атрымаць.

— Працую, каб і ўнукам летнія вандроўкі ў Крым аплаціць. Трэба толькі не ленавацца, гарэлку не піць і працаваць.

Валянціна Фёдараўна — яркая натура. Яна не зносіць шэрасці і песімізму — ва ўсім. Атрашкевіч ездзіць за рулём ярка-жоўтай "Аўдзі" (у маладосці любіла пракаціцца па акрузе на кані), апранаецца ў актуальныя бардова-чырвоныя колеры, зрабіла нават модны татуаж.

Жанчына зусім нядаўна перанесла аперацыю на сэрцы, але без паказной ахвярнасці вярнулася да гаспадарчых клопатаў. Дзеці падтрымліваюць маці, дапамагаюць ёй. Валянціна Фёдараўна пільна сочыць за здаровым харчаваннем: усім цікаўным распавядзе, што ў хатнім тварагу ёсць карысны для арганізма калій, а ў сале — селен, і пачастуе смачным рагу з гародніны і грыбоў абсалютна без солі. Яна літаральна не выпускае працу з рук і пры гэтым бясконца ўсміхаецца, гаворыць на трасянцы і весела жартуе.

— Мая любімая прафесія — кароў даглядаць, — гаворыць Атрашкевіч. — І гэта, пагадзіцеся, добры занятак. Што мне, на канапе тэлевізар глядзець? А тут пакуль сустрэнеш і загоніш кароў — ужо кілаграм-другі скінеш, без трэнажораў!

Працоўная пенсія

Пенсія Валянціны Фёдараўны складае 907 тысяч рублёў. "Хапае!" — тут жа заяўляе яна, тым больш, калі малако, тварог, гародніна і мяса — усё сваё. Адзення хопіць ужо набытага. У доме — уся сучасная бытавая тэхніка і еўрапейскі інтэр'ер. Аднак ляжаць у гамаку ў садзіку пенсіянерка з Рубяжа ўсё роўна не хоча:

— Сяляне — вялікія працаўнікі! Гэта гарадскім пенсіянерам няма чаго ў горадзе рабіць. Можа, яны ў басейн ходзяць ці на канцэрты? У нас усе пенсіянеры, у якіх дазваляе здароўе, трымаюць жывёлу. Незалежна ад ранейшых пасад. Вось у мяне суседка, якая працавала дырэктарам саўгаса, таксама трымае жывёлу. І гэта добра!

Пра вольны час Валянціна Фёдараўна не думае: улетку яго няма зусім, таму што каровы, агарод, сад (як хобі), лясныя грыбы і ягады не пакідаюць і спакойнай хвілінкі, нават на прыбіранне хаты. Цяпер жа на вялікім падворку ідзе актыўнае будаўніцтва: калі ёсць статак кароў, то трэба ўзвесці памяшканні пад дойку і для цялят. Пазбаўляцца ад жывёлы Атрашкевіч не збіраецца, плануе развіваць падсобную гаспадарку далей.

— Ой, я вельмі задаволена мясцовымі ўладамі, асабліва кіраўніцтвам Круглянскага райвыканкама: калі ні звернешся — заўсёды дапамогуць, — запэўнівае гаспадыня.

Так што тэлесерыялы рубежскай пенсіянерцы сапраўды няма калі глядзець, нават у халодны сезон. Для сябе яна пакінула толькі беларускія навіны: маўляў, трэба быць у курсе спраў сваёй краіны.

— Наш Рубеж — самастойная вёска, тут у кожнага — па 2-3 каровы. Хоць і не самыя вялікія, але ж грошы гэта нам дае. Шчыра кажучы, было б нядрэнна, каб малако ў нас набывалі не так танна, аднак гэта ўжо праблема іншага кшталту.

Што ж датычыцца сельскага пенсійнага жыцця, то яно цалкам працоўнае. Прычым, у адрозненне ад горада, вясковыя пенсіянеры не маюць праблем з працаўладкаваннем. Тут дзейнічае такая ўстаноўка: хочаш грошай — пашырай гаспадарку, набывай кароў і працуй, пакуль ёсць сілы.

Ілона Іванова. Фота аўтара.

Круглянскі раён.  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сельскі пенсіянер заслужаны адпачынак успрымае як самы час падымаць уласную падсобную гаспадарку і аддае гэтай справе ўсе свае сілы і час.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика